Гэта старонка не была вычытаная
То, мусіць, сава небарача,
А можа драпежніцкі рысь
За здобычай сочыць-маяча,
Праз пушчу крадзецца кудысь.
Зноў ціха. Бармочуць спрасоньня
Таварышы далі лясной.
Тарас пераходзіць ва ўлоньне
Снатворнае казкі начной.
З туману, як здань, выплывае
Зялёны садок — астравок.
Дзяўчына яго там чакае,
За ім пасылае чаўнок.
— Галена, галубка Галена! —
Ён шэпча, цалуе яе,
Цалуе пяшчотна, сумленна
І словы губляе свае.
Дзяўчына яго супыняе,
Паклала руку на плячо,
І неяк убок пазірае,
І сьлёзы ён бачыць ў вачох.