Гэта старонка не была вычытаная
Дабеглі. Спыніліся разам, з аддышкай.
Кроў бегла па целу, як вар;
Над імі, скрозь хвойныя лапіны, шышкі,
Бялеў новым шляхам стажар.
Як водгульле, чуліся рэдкія стрэлы
І топат далёкіх падкоў.
Але, калі двое, дык ясна і сьмела:
Ці ёсьць лепш за сэрца ахоў!
Шоў лесам Вацлаў, як таварыш, з дзяўчынай,
І пушчу ён нёс у душы.
Ўсё зблутаў: гусараў, паўстанцаў, айчыну,
І здані таемнай глушы…
Галена! Ня дужа, мой браце, так лёгка
Стаць сябрам яе хараства!
Відаць, яе воля сталёва ня крохка,
Ня з тых, што спадзе, як ліства.
Што ён, афіцэр-чужынец для Галены?
Пан Вацлаў, яе заслужы, —
Змаганьню аддайся з ёй побач сумленна
І шчырасьць у ім пакажы!