Гэта старонка не была вычытаная
Галена падбегла да ложка,
Паклала руку на руку, —
Тарасавы вочы патрошку
Жывіць пачыналі шчаку.
Павольна яны расчынілісь
І раптам як крыкнулі: жыць!
Вільготныя хвалькі кацілісь,
А вусны прамовілі: „піць!“
— Галена! — Ці гэта здалося,
Ці праўда яе ён гукнуў?
— Пабачыць… як вас… давялося, —
Сказаў, і з усьмешкай заснуў…
Стары лесавік гаспадарыць:
Павыслаў з пакою усіх,
Вакно адчыніў, а сам варыць
Прымочку для ран тых благіх.
— Як ранены? — хлопцаў пытае,
— Ды шабляй гусар разануў.
— Вось выпала доля благая.
— Лепш з нас-бы дзесятак паснуў.