Гэта старонка не была вычытаная
„Паль!“ раптам раўнула каманда,
І лось заваліўся пад куст:
Па садзе рассыпалась банда.
Пайшло пагалосьсе і хруст…
Галена ў той міг ачуняла,
Як банда у хату вайшла.
Ўся полымем гневу шугала,
І як-жа прыгожа была!
Ваякі спыніліся ў момант.
— Хто гэты? — Ня рушце яго!
— Атаман бандыцкі! — роў гоман.
— Давай галубка сваяго!
— Ня сьмей ты! — і пхнула у грудзі,
— Хоць дайце яму вы сканаць!
Зьвяры вы усе тут, ня людзі!
Начальнік ёй крыкнуў: „маўчаць!“
— Я праўду вам сыпну у вочы!
Страляйце, вось грудзі мае!
Народ наш жыць з панствам ня хоча,
І зьдзейсьніць ён думкі свае!