Гэта старонка не была вычытаная
Ўстае, азіраецца пільна,
Бяжыць па пясочку цішком
І чайкаю б‘е белакрыльнай
Праз Нёмнавы хвалі ніцком.
Гукае. Зьлятаюцца гусі,
І цягнуцца шыі да ног.
За хлебец зноў плысьці з ёй мусяць
На сьвежы зялёны разлог.
Ды досыць ужо асалоды!
Бяжыць апранацца хутчэй,
Бо хатнія трэбы-выгоды
Таксама ня ссунеш з вачэй.
Палуднаваць вернецца татка
Са Стаськам у чоўне сваім,
Дык трэба, каб пухлых аладкаў
Хапіла канечна траім.
Здаралася, трапіць у госьці
Чацьверты хто-небудзь з мужчын:
То лоўчы напрэцца чагосьці,
То нехта з вясковых дружын.