Гэта старонка не была вычытаная
Галена тады прымаўкала,
Ня тое, — саромілась — не!
Паважней нібы выглядала,
Ды раптам за стол як зірне!
І новы той госьць нечакана
Глыне асалоды з вачэй,
Заные пякучая рана:
Ня спаць яму шэраг начэй!
Як пара віроў-азярынак,
Як летняга неба глыбінь,
Што часам зірне з-пад галінак,
Цягнула так гэтая сінь.
І бровак шнурок саматканы,
І вусны, як зрэзаў разьбяр,
Ці-ж можна раўняць з маляваным
Жывы лясьнічанкі той твар?
У бацьку і ростам і станам,
Шчарсанкай па твары была,
Бо маці, паснуўшая рана,
Са Шчорсаў за бацьку пайшла.