Старонка:Дзьве поэмы (1927).pdf/90

Гэта старонка не была вычытаная

За зьдзекі асаднікаў дзікіх,
За землі паснулых дзядоў,
За соткі няпраўдаў вялікіх, —
Што ўсталі, як здані вякоў;


За уціск тутэйшага слова,
За крыўду бяспраўных дзяцей,
Якіх праз чужацкую мову
З-пад родных зрываюць грудзей;


За войтаў насланых учынкі,
За брыдкі жаўнерскі пастой,
За сьлёзныя матак расінкі, —
Адна тут адплата — крывёй!


„Пакіньма прытульныя хаты!
„Хутчэй павяжы паясы!
„Хай ведаюць гэтыя каты,
„Што ёсьць яшчэ ховы-лясы!


„Няма пакуль стрэльбаў? — А вілы?
„Сякеры ды дым сярнічкоў!
„Хлапцоў ня спужаеш магілай:
„Пасьпім пад каронкай дубкоў!“