I.
ХАДЗІЎ раз па сьвеце Хрыстос з сьвятым Янам. Чуць днела, як пусьціліся яны ў дарогу, а тымчасам да захаду сонейка не сустрэцілі ешчэ ні хаты ні чэлавека. Па гэткай то ішлі пусташы, ды, ня еўшы і ня піўшы, ледзь валаклі свае падбітые ногі.
Змеркалося. Ўжо падзьмухіваў студзёны вецерок, і падаў дробны дожджык. Ураілі яны прылегчы пад першай стрэчнай пастушай будкай, каб хоць гэтак дня дачэкацца. Але-ж як знайсьці ў пацёмках тую будку? Наканец нейдзе бліснуў агонь, бытцым с крэсіва міргнула іскра к піпцы. Пацягнуліся на той агонь і шыбка наткнуліся на малую хацінку. Застукалі ў дзьверы; нешта заскрыпело ў нутры, і выйшоў насупроціў іх старэнькі дзядуля, сівы, а зусім нягеглы. Твар быў міласерны, а гаворка такая салодкая, што яны зразу павесялелі, як пачулі, што на прывітаньне пахваліў ён Бога.