Старонка:Дзіва (1927).pdf/11

Гэта старонка была вычытаная

СОНЦА ПАХ

Калі скарга на вачох навісьне,
калі ў грудзі сівы сум запаў,
прытуліся вуснамі да лісьця
і ўдыхні ў сябе сонца пах.

Набяры бліскучых кос ў бярэм‘е,
як вяночкам, імі твар абвій…
і пазнаеш, што гавораць дрэвы,
пульс жыцьця учуеш у травы.

А у сэрцы новае агніва
шлях імкненьням вызеленіць ў яр.
Закрасуе тваіх думак ніва,
дзе гайдаўся сухі бур‘ян.

Дык папросім сілы ў свайго сонца,
каб бяскрайнасьць думкай паланіць,
абарваць таемнасьці заслону
і згарэць у барацьбе-агні.