Старонка:Дзіва (1927).pdf/14

Гэта старонка была вычытаная

Хто-ж пасьмее на сьвеце ўсходы нашага сёньня,
доўгажданыя ўсходы бессаромна сарваць?
Ты забудзеш, што будзе галасіць пад вярбою
над разьбітай калыскай неданошаных мар
ў табе шчасьця шукаў хто, нялюбімы-ж табою —
шкоды і зьлітаваньня у каханьні няма.
Ты пытацца ня будзеш, а што ночка нам бае —
сэрца сэрцу адкажа на гамонку далін…
Прывід шчасьця, як птушка, адляціць неўзабаве,
і загінуць усходы на бязводнай ральлі.
Ты прыгорнешся моўчкі, вочы схіліш дадолу,
пачуцьці і жаданьні загавораць за нас…
І рассыпле па сьвеце гімн жыцьцю маладому
на жалейцы каханьня маладая вясна.

1925 г.

|}