Старонка:Дзіва (1927).pdf/16

Гэта старонка была вычытаная

∗     ∗

Скацілася сінічка, скацілася
ды галоўкаю аб пень асінавы.
Нешта горкае ў сэрцы маім радзілася,
рукі ў суме апалі бясьсіла.
Вось-жа пела нядаўна сінічанька
гімн куколям на полі ячменным —
радасьць ціхая цешыла ніванькі
і лілася ў сівую бязьмежнасьць.
Ўсё цьвіло пад цьвітучым паднябесьсем.
Ўспомніць сьмерць — то здалося-б злачыннасьцю.
А каса яе здаўна занесена
над вясёлай галоўкай птушынаю.
Во… і палкай дзіцё разагналася —
абарваўся ўвесь сьвет на поўтоне…
Эх, жыцьцё, даць табе наганяй трэба,
эх-жа цяжка, як радасьць растоптана.

1925 г.