Старонка:Дзіва (1927).pdf/33

Гэта старонка была вычытаная

Мусім рынуць з багнішча на ўзгорак,
клічам, клічам па-над логамі грымнуць:
„Разгарыся ты, румяная зорка,
перад раніцаю разгарыся“.

Ўчора плакаў і ратай і вецер —
толькі лемех гартаваўся ўчора, —
чорнай долі яшчэ жывы кветкі,
і навокал, бы учора, чорна.

А мы сонца піць жменямі хочам;
сокі цёплыя нашага ды сонца, —
звоняць сёньня сьпеў і сэрцы хорам,
а паводкай вясноваю звоняць.

Не праломіць сьцяны нашых мараў,
кажаньнё чорнагрудае не праломіць.
Хай над логам плачуць дожджыкам хмары —
выйдзем сёньня з гнілога логу.

Выйдзем, прыйдзем, дзе першыя ўзоры
сьцеле ранак над рунямі, — прыйдзем…
„Разгарыся-ж ты, румяная зорка,
перад раніцаю разгарыся“.

|}