Старонка:Дзіва (1927).pdf/49

Гэта старонка не была вычытаная

ВЯСНА

Ўжо вярба разадзелася пухам каточкаў,
Накрываецца шоўкавым быльлем мяжа;
А ў садку з-за галін выглядаюць лісточкі,
Як з няпэўнае норкі галоўка вужа.
Лес, разбуджаны ў далечы сініх прастораў,
Рагавістаю шапкай ўгары зашумеў,
Бо ў абшарах яго, патаемных, як мора,
Разьліваецца радасны птушыны сьпеў.
Загубіла і рэчка свой лемант змаганьня,
Бо ўжо зьнішчаны насьледкі лютай зімы,
І настала вясны маладой панаваньне;
Перамогшай кайданы нядаўняй турмы.