Старонка:Дзіва (1927).pdf/52

Гэта старонка не была вычытаная

ЛІПНЁВЫ КРУГАБЕГ

1

У сівай сьвітцы сьвітаньне
Адмыкае дню вароты.
Падол заскарузлага ўбраньня
Ноч наўцёк за сабою валочыць.
Кудрыцца золак палойкамі
Ў смужна-зарлівай сіні…
Вецер абуджаны ловіць
Пужлівы шопат асіны.
Патухае ліхтар зарніцы
Пад фабрычнай сірэны кашаль.
Скора і сонца агністае
Рогі свае пакажа, —
Пацалуе тварам заспаным
Пасьля ночы росныя стрэхі
І да лесу ўздагон забуяніць
За фабрычна-гучліваю рэхай.