У Кіяве, на Крашчаціку, весела пазваньвалі белагвардзейскія шпоры. Тама — гулялі!..
Стаялі мы паўэскадронам з 1-ай коннай, тры дні ў адным хутары…
Тыповы, трэба вам сказаць, хутарок быў!..
Вішнямі абсаджаны, халупка-мазанка, усё, як належыць!..
Тады ж як-раз і гаспадыня прыгожая трапілася мне…
Памятаю — Аксанай звалі…
З сябе — поўная такая, і што асабліва ў памяць, дык гэта бровы яе… Зьвядзе іх у мейсца, на лобе сьцежка глыбокім равочкам ляжа і вочы маланкай наскрозь цябе так і проймуць!…
Вясёлая была… э-эх!!…
Засьмяецца, дзёрне плячыма — дык і Астапенка — старшыня эскадронны наш — навошта сухі чалавек быў! — не вытрымае. Ах плюне, сабачы сын (пачуцьця баяўся!), і ад усёй душы скрыгане:
— Ну, й баба!… Сакол, хвароба яе вазьмі…
Не хвалячыся скажу — найбольш увагі зварачала яна на мяне.
Праўда, я тады на гармоніі крыху падыграваў, ну а наконт песьняў — мастак і зараз, як ведаеце!..
Пастаялі гэта мы каля Рошчыцы тры дзянькі — не забыцца мне аб іх ніколі!..
А пасьля — расплыліся чуткі — лазутчыкі прынясьлі — быццам адзін з атаманаў-махноўцаў, самы люты, Галынскі, здаецца, па прозьвішчу, залёг у 20-х вёрстах ад хутара нашага і чакае папаўненьня ад „бацькі“…
Напярэдадні як раз хлапцы яго злавілі на дарозе браварніка; забілі, пасадзілі голага мерцьвяка на пень і на грудзёх крыж выразалі…
І вось раніца росная, як гавораць, ёдкая, сонейка не ўсходзіла яшчэ…
Моцна пахла стэпам, бязьмежнымі прасторамі палёў, якія так разьлягаюцца толькі на Украіне…
Затрубілі збор.
Андронаў — камандзір прамову яшчэ казаў…
Потым:
— На-а… коня-яў!.. З права па аднаму… рысьсю… аррш!..
…Наляцелі, абляглі вакол…
„Іхных“ — сотня як-раз была.
У лашчыне, за прыгоркам, расклаліся лягэрам…
А на прыгорку — бярэзьнічак…
Бярозы стромкія, цёплыя, нібы дышуць у тонкім тумане ранку.
Ціха шастаюць даўгімі рукамі — вецьцем…
З бярэзьніку і грокнулі. Спачатку — з маўзэраў, залпам.
Потым Андронаў з лепшымі, проста ў сярэдзіну ускочыў і ў шашкі…
Між іншым тама і забілі яго; пад капыты трапіў…
Праўда і апрача яго — нашых мала адтуль вярнулася…
Галынскага-ж разьнясьлі ў пух.
І самаго яго, хоць і біўся, як чорт, жывым узялі.
Паглядзелі мы на атамана гэтага і дзіву даліся…
Мужчына — куды нявідны, а якую паніку наводзіў!..
Маленькі, крываногі, з бяльмом, а сьмелы да шалёнасьці…
Можа-б і не даўся ён у рукі, каб Андронаў перад тым, як ляцець с каня, не рубануў яго шашкаю па галаве.
Толькі густая шапка чорных валосьсяў і адратавала…