Прывязалі Галынскага рамнямі да сядла, ногі да жывата конскага прыкруцілі ды і паехалі назад у хутар, бо застаўся тама старшыня эскадронны з некалькімі людзьмі ля кулямётаў…
Прыехалі к вечару — у крыві, азьвярэлыя і брудныя.
Парадзіліся і вырашылі:
—Галынскага дапрасіць „асабіста“, потым, як гвалтоўніка і бандыта, ворага рэвалюцыі, як толькі ўзыйдзе раняшняя зорка — растраляць.
Сьцерагчы-ж атамана, зьвязанага і кінутага пакуль што ў пустую клець на двары выпала мне…
І зьляцела ноч на зямлю…
Вішні як-раз цьвілі тады.
Хваляваў пачуцьці пах-мядова-салодкі, прыемны.
Цяжка стаяць было на варце.
Лютая бойка давала сябе адчуваць, хацелася спакою, адпачынку; млелі жылы, здавалася, пераліваецца ў іх замест маладой крыві — цягучая, расплаўленая медзь.
Захацелася яшчэ схіліцца на прыпол, да каленаў любай дзяўчыны, забыцца на момант аб варожым абкружэньні, неабходнасьці зірка ўглядацца ў нямую ночку…
Сьпяць малайцы нашы.
Толькі чутна — некаторыя раненыя часамі стогнуць, вады просяць…
Стаю гэта я ля дзьвярэй клеці.
Варушыцца Галынскі там.
Аж скрыгоча, зубы сьцяўшы.
Сыпле праклёны, матам крые „бальшавіцкую сволач“…
Стаю гадзіну, мусіць дзьве, хутка зьмена караулу павінна быць.
Чакаю развадзячага Ушкіна, што заместа забітага Андронава застаўся камандзірам.
Паглядаю, скрозь сон і бачу:
З-за прасла, што двор абгараджвала, белы цень вынырнуў
Льлюцца з яго зялёныя праменьні месіку — набліжаецца вось і разглядзець можна.
Жанчына — ў адной сарочцы, валосьсе распушчана, вочы бліскавіцамі гараць ці то ўласным сьветам, ці ад месіку…
— Што за чорт?..
Узяў вінтоўку на руку:
— Хто йдзе? Страляць буду!..
Гляжу — далей рухаецца…
Анямеў…
Аксана — гаспадыня — ідзе, як зачурованая!..
— Сапрон… Ты бачыш…
А сама цяжка-цяжка дыхае. Хвалюецца.
Высокія грудзі вышываную сарочку так і ўздымаюць — выскачыць хочуць…
— Я да цябе зноў, як раней… Што хочаш… Толькі — выпусьці Галынскага… Зрабі, каб уцячы ён змог!..
Тута і сон адляцеў ад мяне.
— Гэта ты чаму-ж?.. Ды якая табе справа, урэшце?..
— Сапрон… Мяне ты не меў яшчэ… Дарма круціла. Ты… Потым — мы з табою ў садок…
— Не, не, адыйдзіся, Аксана!.. А то…
— Паглядзі-ж на мяне… Ці бачыў ты калі-небудзь у жыцьці прыгожых такіх?..
Сьцягнула з пляча крутога сарочку…