Старонка:Дняпроўскія ўсплёскі (1927).pdf/12

Гэта старонка не была вычытаная

Стаіць, як той мармуравы помнік на могілцы Сенажэцкага, ля заводу — ведаеце?..

Сапраўды, на дзіва прыгожая, як сотня ведзьмаў… Малюнак, а не баба!..

Загарэўся я, праўда… Узьняло істоту нешта агнявое, спрадвечнае…

Зацьвіліся ў вачох пялёсткі…

А навокал — вішні, вішні…

Пах…

— Не за сябе, за мужа, Галынскага, прашу… За атамана вернага майго!.. Дзеля яго — і абнімкі ў падарунак табе…

Як сказала гэта, раптам на мяне нібы вадою сьцюдзёнай лінулі…

— А-а-а… Вось яно што!..

Прыцэліўся…

— Адыйдзіся, Аксана!.. Не жартую… Чуеш?.. Страляць буду…

Кінулася яна тута, як каршун які, да мяне — задавіць, пэўна, хацела…

Ды не трапілася!..

— Паціснуў курок я…

Як птушка падстрэляная, плёснула рукамі-крыльямі Аксана ды без крыку ля ног маіх і лягла.

Скрозь самае сэрца пуля праняслась…

На стрэл хлапцы повыскаквалі — агледзіліся.

Расказаў я ім…

А праз некалькі хвілін вывелі Галынскага на растрэл.

Чуў ён размову нашу…

І такі ў яго твар страшэнны быў, што нават у вочы глядзець яму ніхто не асьмеліўся.

Бляды, бляды… Валосься — ва ўсе бакі… Вочы сіняй крывёю наліліся.

Вывелі — разьвітацца дазволілі…

Паваліўся атаман на жонкіна цела — цёплае яшчэ прыпаў вуснамі, ды як зараве дзікім голасам, як ваўчыца, калі заб‘еш пры ёй дзіцёнка яе… Ледзь вытрымалі мы.

Пасьля — у адной ямцы і пахавалі іх“…

Багунец скончыў.

Паціху разьвіднела…

З Дняпра вольна дыхаў ветрык — лёгкі і радасны, як першая любоўная пяшчота.

Сіняватай эмалью паглядала неба…

Мы з Амелькам ляжалі, поўныя адчуваньняў, перанёсшыся думкамі ў сьветлую рамантыку мінулага.