Старонка:Дняпроўскія ўсплёскі (1927).pdf/34

Гэта старонка не была вычытаная

— А матачкі-ж мае любыя! Як-жа-ж ён у казарме жыць будзе? І вопраткі цёплай няма… Ну, ці ёсьць праўда на сьвеце? Каб адзінага сына забіраць ад бацько-оў!.. Каб з іх дух папёрла, як яны людзей катуюць!!!

Бацька параіў:

— Ты скажы ім, што хворы… мо‘ яшчэ і аслабаняць. Во, як Федзька з Ваўкавіч у мінулым годзе… Гуляе хлопец і нічога!

Але-ж Стах адмовіўся.

— Пайду… усё роўна, ці тут гібець, ці там…

— Ну, што ты скажаш такому. Вядома, дурань! Не пройдзе яму дарма гэтая „падрыхтоўка“…

Аднак цёлку ад Чунькі — каровы швіцкай, прадалі, каб што-небудзь было на дарогу хлопцу. Ці ж там даглядзяць? Чакай!

Хаця нічога не папішаш. Бяруць, што ты хочаш?

Абняўся Стах з бацькамі, з Галяй, шчыльна прыціснуў да сябе Ваўчка-лахматага, друга свайго адзінага і, гайда, да хлопцаў-таварышаў. Песьню хвацілі:

„Эх, і ў садо-очку
Лісьцікі спада-а-а-аюць
У салдаты хло-опца
Забіра-а-а-а-аюць!..“

І зьніклі за прысмацкімі могілкамі, на шляху Смальлянскім.

На заводзе дзяўчаты разрумзаліся… Шкада было хлопцаў. Усіх шкада — і Антоську, і Петрака, і Міколу, і абодвых Грышак і Зьмітрака…

— Бедненькія!…

А пра сёмага забылі… Па сёмым войкала матка ды ў агародчыку жаласна скуліў Ваўчок.

3.

Сёмка Драгуноў, дапрызыўнік, у Стахавым узводзе быў першы Ці то замок разабраць, ці працівагаз апрануць хуткім манэрам, ці на кане пранесьціся кандзібоберам — усюды на ём, як кажуць, кожа гарэла! А лепш за ўсё — фізкультура! Во дасьціпны хлапец!

Раз… раз… і ўжо на турніке сядзіць герой гэроем!..

Стах заўсёды дзівіуся, як гэта ў хлапцоў добра фізкультура выходзе, а ў яго не. І сумаваў…

Аднойчы:

— Леваненка! Паспрабуй, вось так, як я!

Гэта Сёмка да Стаха зьвярнуўся:

— Нічога ў мяне не выйдзе… Дый глядзець будуць… рагатаць пачнуць! Ну што тут добрага?

Але Сёмка ўвечары ізноў да яго:

Хадзі зараз… хлопцы ўсе на лыжах паехалі… адны днявальныя засталіся…

Пачухаў Стах патыліцу, але ж пайшоў да турніка з Сёмкам….

— Ну… р-раз… два… тры… гоп-ля! Эх, не так… ты, бач, во як… На руках трэ‘ падцягнуцца… р-раз… потым — кач… гоп і гатова!

— Лёгка сказаць гатова… а калі зрабіць, дык наадварот! Але паспрабую… р-раз… цяпер нагамі вышэй… два… Гоп-ля…

І з турніка носам уніз.

Фізкультура!

З гэтага дню крэпка засябраваў Стах з Сёмкам.