4.
Потым пачаліся нейкія новыя ружовыя, радасныя дні. Ні-бы хто кажуру абрыдлую садраў з Стаха. Пасьля заняткаў — з Сёмкам на турнік. А то ў Ленкуток, кніжкі чытаць, вядома якія: па фізкультуры.
Часта зьбіралася кампашка. Усё друзьзя-таварышы Сёмкі. Стаха прасілі быць запявалай. Не адмаўляўся і пачынаў любімую:
„Пры лужке… лужке… лу-ужке |
Хлопцы з мейсца, як шалёныя:
„Э-эх! Пры радзімым д-ды табуне… |
Па суботам і нядзелям — дні адначынку, — каталіся на лыжах, куды небудзь за горад. Зварочваліся ў казарму позна, калі неба пакрывалася бледнымі агоньчыкамі зорак. Тады хутка „шамалі“ з агульнага катла і лягалі спаць. Спалі моцна — гарматай не разбудзіш. І заўсёды прыходзілася днявальнаму разтаўхваць шашкай заспаўшуюся моладзь:
— Эй, уздымайся, хлопцы! Пад‘ём! На паверку выхадзі строіцца!
Заняткі пайшлі к канцу. Марозы ўдарылі, завіхрылі сінія дымы над хатамі. Па начам неба ў сіні бэшмэт апраналася, і часавыя пры гарматах ёжыліся ў кажухох і шлемах.
Стах трымаўся… Асунуўся трохі, але-ж вочы ажылі, голас акрэп, па грудзёх хлопні — толькі гул пойдзе, як з бочкі.
І лыжнікам стаў добрым!
5.
Апошні дзень мільгануў, як быццам яго і не было зусім. У Ленінскім кутку ваенком пасьля дакладу „Задачы дапрызыўніка пасьля збору“, нагаварыў задач — у галаве не ўмясьціш:
— … будзьце заўсёды ўперадзе… Арганізуйце вайсковыя гурткі, спартыўныя… І палка не забывайце, чаму вучылі — памятайце. Трымайце сувязь… пішыце… N-кі Артполк… 1-я пушачная батарэя“…
Потым казалі начпункту, камандзіры…
— … за два месяцы вы навучыліся кой-чаму… Зараз гэтыя веды вы павінны перадаць другім А ў будучую восень, калі вы ізноў прыдзеце сюды, у лягеры, мы жадаем, каб вы прышлі добра падрыхтаванымі… Няхай жыве чырвоны дапрызыўнік!!!“
Ноччу не спалася чамусьці… Галаву зудзіла думка:
— Заўтра да дому!
А між іншым нешта цягнула застацца… Шкада было братвы… Сёмкі шкада! Усіх тых, з кім за гэтыя два месяцы спаяўся, крэпка зжыўся ў жыцьці супольным. Вось з імі, што сьпяць зараз і на стрэльбішчы мёрзьлі… І пры гарматах колькі гадзін правялі. А колькі разоў узводны Рагожын крычаў злосна:
— Ша-рап-нэль-лю па пяхоце!.. — і ганяў то ад гармат, то да гармат…
Гэта ж з імі лазіць прыходзілася ў працівагазы „Гуманта, Зэлінскага“ і слухаць на палітгадзіне краснамоўства дзядзькі Цыганкова!
— Заўтра да-дому!
І „заўтра“ прыйшло. Крэпка адказваў на паціскваньні рук командіра і памочніка… Сунуў „личную карточку“ ў кішэнь. Апошні раз разьвітаўся з Сёмкам, з таварышамі…
І, гайда, у Гарошына, дамоў.