— Ну, ну — не шкадуй!… Дзіцё ты, ці што?…
Уздумаў… Хе-хе-хе!… „Шкада“!…
І Язэп затросься ў дробным сьмесе…
— Хамуты?… Хамуты?… падвярнуўся збоку „спэц“, — прадаеш, дзед, хамуты?… Што?…
— Але… Магчыма прадаць…
— Колькі хочаш?… А?…
— Ну, рублёў так па шэсьць… Многа?…
— Па шэ-эсьць?!… Эге!… „Па шэсьць“!
Чаму ж было да дзесяцёх не дагнаць?… Роўны шчот… Траячку бярэш?…
— Не, даражэнькі… Нельга!… Гэта-ж…
— Ну — чатыры!?… Ну?… Што?… За гэткія хамуты не хочаш чатырох рублёў?…
Лепш бяры, а то зусім пайду…
— Добра ўжо… Так… Што зробіш?…
Бяры… Амаль за дарма, бо грошы патрэбны…
— „За дарма“! Глупства я раблю, што ўзяў… Ну, — няхай валяюцца!… Атрымлівай капітал!
Э-эх…
Калі суседзі ехалі назад, у Русінаўку, у аднаго не было і паху кабылы, як у другога не было хамутоў…
Язэп Лакіза — нявысокага росту селянін з курчавай войстрай барадзёнкай і маленькімі вачмі — нешта ўпэўнена даводзіў Макару…
— Ды як раз міма і паедзем…
Хата яго, ведаеш, такая… Сьвінушнік…
А затое піва, як добры мёд…
— Можа не варта?… А?… Я-ж і хамуты прадаў дзеля гэтага… Каб, значыць, дочцы дапамагчы… Яе мужык, бачыш, памёр…
Ну… зноў-жа па гаспадарцы трэба…
— Так яно так… Але-ж — латыскае!…
Потым, братка, я табе скажу лепш, калі настрой у чалавека… Хоць ты-й бядней іншых, а настрою не сьмей губіць… Так!..
Разумееш?.. А для настрою гэта неабходна…
— Настрой, кажаш? Гэта праўда…
Зараз пад‘едзем… Глядзі па левым баку…
Хата Ягора Крывіцкага прыляпілася як раз да антонаўскага выгану…
Маленькая, цёмная, як асеньні грыб, з хітрымі бельмамі вакон пад белай шапкай даху.
Дзядзькі разы тры стукнулі ў шыбу.
Заскрыпелі вароты і ў шчыліну глянуў хлапец гадоў дваццацёх; абарваны і нячэсаны.
— Ну… чаго прыпёрлісь?…
— А ты, малы, лягчэй… Ага… Піва ё?
— Пі-і-ва?… Хто-ж зараз піва п‘е, увечары?
— У цябе не пытаюць… Кажы, піва прадасі?…
— Хто ведае… Напэўна — можна будзе…
Заходзьце, ну…
Вароты зноў рыпнулі, і Макар з Язэпам апынуліся на шырокім двары, па якім валялася ў рыжым сьнягу салома і няпрыбраныя гнілыя бярвеньні. Макар накіраваўся ў хату, а Язэп з хлапцом пайшлі да напалову зруйнаванай пуні, што тырчэла вялікай цёмнай кучай недзе на задворках…