Старонка:Дняпроўскія ўсплёскі (1927).pdf/72

Гэта старонка не была вычытаная

У пуні, на дзьвух тоўстых паленьнях, стаяла вялізарная бочка з жалезнымі абодзьдзямі і дубовым „шпунтам“.

— Учора прывязьлі ад латышоў… Вельмі п‘янае!..

У маленькім пакою Крывіцкага было цьмяна, сыра і халодна.

Але клопатамі гаспадара хутка было зроблена так, што „суседзі“ адчулі сябе, нібы знаходзячысь у бані…

Пачырванелі, расьперазаліся і сталі моцна вясёлымі.

— А ты ведаеш, Макар… Я цябе і пацалаваць магу… Далі бог!… Хоць і зараз…

А ты… ты… трымайся!…

Макар сядзеў і „трымаўся“…

Галава не слухала Макара і ўсё імкнулася адпачыць то на адным, то на другім плячы…

Боўць… Боўць…

— Ца-алаваць?!… Кінь… кінь… Ты-б, лепш, з жонкай… Ведаеш?… Значыць…

Пры ўспаміне аб жонцы — у Макара паўстала цэлае мора пачуцьцяў…

— Перапёлачка мая!.. Кацярынка… А ты зараз без мяне… Значыць, адна!… „Чакаеш… І сьлёзы аб жаночай пакуце горкім туманам зачынілі вочы Макара…

Потым ён спыніў іх і агледзіўся…

У галаве моцныя гарбары білі ў некалькі малаткоў…

Ружовыя сьвечкі мільгацелі перад вачыма…

І ніяк не можна было ўявіць, чаму ў пярэднім куце рука апостала Паўла з такой пагрозай ківала яму…

Прадраў вочы Макар ураньні, ва ўласнай хаце Ляжаў ён побач з сваёй Кацярынай, але, чамусьці, не распрануўшысь…

У вакно нячутна пазіралі скамячаныя зімовыя праменьні…

Хрустаў сьнег… Прасыналася вёска…

І было дзіўна Макару, чаму ўсё навокал так добра наладжана, заведзена, а ў яго жыцьці пануе няўрадзіца і сумота…

У дадатак — войстра цьвікала думка аб праданых хамутох…