Старонка:Дні вясны (1927).pdf/27

Гэта старонка не была вычытаная

СЬВЕТЛЫХ ДЗЁН ХАРАСТВО

О, вясна, сьветлых дзён хараство!
Ў сонцацьвеце губляюцца мары.
Сьмех дзявоча-пралескавы твой
патануў у ясноце, ў надхмар‘і.

Вецер вольны плянэту абег, —
ў падарожжы мне з ім не агоркне.
Заклікаць выйду ў поле цябе,
пакланюся далінам, узгоркам.

З імі песьні складаў я раней,
з імі песьні складалі ракіты.
Быльнягі закалышуць мяне,
быльнягі — госьці сонца, блакіту.

Ой ты, цёплая радасьць палёў,
не хадзіць мне мяжой да крыніцы!
Ў ціхіх лозах як кошыкі плёў,
толькі ў песьні і можа прысьніцца.