Старонка:Дні вясны (1927).pdf/7

Гэта старонка не была вычытаная

Зялёны шум лясны
зьмятае сум з кустоў.
Праходжу дні вясны
пад воплескі лістоў.

Мінаю рубяжы,
цалую даляў медзь…
i хочацца ўсё жыць,
на бляск зары глядзець.

Мой дзень даўно пасьпеў, —
ён сыпле зёрны слоў.
Душой сагрэты сьпеў
прынёс я вам з лясоў.

Мне сёньня сьняцца сны,
што я другі, ня той…
Праходжу дні вясны
пад воплескі лістоў.