Старонка:Домбі і сын.pdf/106

Старонка праверана

— Беры вас вельмі любіць, хіба не праўда? — запытаўся аднойчы Поль у місіс Піпчын, калі яны сядзелі разам з катом ля каміна.

— Так, — сказала місіс Піпчын.

— Чаму? — запытаўся Поль.

— Чаму! — паўтарыла збітая з толку старая лэдзі. — Хіба можна так пытацца, сэр? Чаму вы любіце сваю сястру Фларэнс?

— Таму што яна вельмі добрая, — сказаў Поль. — Няма такой другой, як Фларэнс.

— Ну што-ж — рэзка адазвалася місіс Піпчын. — І другой такой, як я, думаю, таксама няма.

— Няўжо і сапраўды няма? — запытаўся Поль, нахіляючыся ўперад у сваім крэселцы і гледзячы на яе вельмі пільна.

— Няма, — сказала старая лэдзі.

— Я гэтаму рад, — заўважыў Поль, задумліва паціраючы рукі. — Гэта вельмі добра.

Місіс Піпчын не адважылася запытацца — чаму, каб не атрымаць які-небудзь зусім знішчальны адказ. Але, узнагароджваючы сябе за знявагу нанесеную яе пачуццям, яна вельмі доўга прыставала да майстра Байтэрстона, што ён у той-жа вечар пачаў рыхтавацца да сухапутнага падарожжа дадому, у Індыю,і схаваў у часе вячэры чвэртку лусты хлеба і кавалак галандскага сыру, пачаўшы такім чынам рабіць запас харчоў на дарогу.

Каля года місіс Піпчын ахоўвала і апекавала маленькага Поля і яго сястру. Мала-па-малу Поль набраўся сілы і мог абыходзіцца без сваёй каляскі; але ён па-ранейшаму быў худым і слабым і аставаўся ўсё тым-жа старападобным, ціхім, лятуценным дзіцем, якім быў, калі яго толькі што даручылі клопатам місіс Піпчын. Неяк у суботні вечар, на змроку, вялікі перапалох падняўся ў замку з прычыны нечаканага паведамлення аб тым, што містэр Домбі з’явіўся з візітам да місіс Піпчын. Уся грамада зараз-жа знікла з гасцінай наверх, нібы падхопленая віхурам, застукалі дзверы спальняў, быў чуцен тупат над галавой, і майстар Байтэрстон атрымаў нямала штурхалёў ад місіс Піпчын, якая супакойвала такім чынам свае ўстрывожаныя пачуцці, пасля чаго чорная бамбазінавая сукенка годнай старой лэдзі зрабіла змрочнай прыёмную, дзе містэр Домбі ўважліва аглядаў незанятае крэсла свайго сына і наследніка.

— Місіс Піпчын, — сказаў містэр Домбі, — як маецеся?

— Дзякую вам, сэр, — сказала місіс Піпчын, — параўнаўча нядрэнна, прымаючы пад увагу...

Місіс Піпчын заўсёды карысталася такім абаротам. Ён азначаў: прымаючы пад увагу яе добрачыннасці, афяры і так далей.

— Я не магу разлічваць, сэр, на вельмі добрае здароўе, — сказала місіс Піпчын, садзячыся і аддыхваючыся, — але я ўдзячна і за тое, якім карыстаюся.