Старонка:Домбі і сын.pdf/128

Гэта старонка была вычытаная

Фларэнс так упарта старалася замяніць нейкага маленькага Домбі, што яе рашучасць і настойлівасць, бадай, маглі-б заваяваць для яе права самой насіць гэта прозвішча.

І вялікая была яе ўзнагарода, калі неяк у суботні вечар Поль сабраўся, як заўсёды, аднавіць свае заняткі, а яна падсела да яго і паказала, якім чынам усё, што было такім цяжкім, робіцца лёгкім, і ўсё, што было такім туманным, робіцца ясным і простым. Нічога асаблівага не было — толькі здзіўленне на завяўшым твары Поля… успыхнуўшы румянец… усмешка… а пасля моцныя абдымкі, але богу вядома, як затрапятала яе сэрца ад гэтай шчодрай узнагароды за працу.

— О, Флой! — усклікнуў брат. — Як я люблю вас! Як я люблю вас, Флой!

— А я вас, любы!

— О, у гэтым я ўпэўнены, Флой!

Больш ён нічога не сказаў, але ўвесь час сядзеў каля яе вельмі маўклівы, а вечарам разы тры-чатыры крыкнуў са свайго пакоя, што ён яе любіць.

Пасля гэтага Фларэнс заўсёды рыхтавалася да таго, каб у суботні вечар падсесці да Поля і цярпліва растлумачваць яму ўсё, што, на іх думку, патрэбна было яму вывучыць у наступным тыдні. Прыемнае ўсведамленне, што яго ўрокі ўжо вывучыла раней за яго Фларэнс, само па сабе павінна было падбадзёрыць Поля, які вечна «аднаўляў» свае заняткі; калі-ж да гэтага ўсведамлення далучылася і рэальная палёгка яго абавязкаў — вынік яе дапамогі, — то гэта, магчыма, перашкодзіла яму зваліцца пад цяжарам ношы, якую ўзваліла на яго плечы цудоўная Карнелія Блімбер.

Тую жвавасць, якою адрозніваўся ён спачатку, Поль, зразумела, хутка страціў. Але ён захаваў усё, што было ў яго характары дзіўнага, старэчага і ўважлівага, і, ва ўмовах, якія так спрыялі развіццю гэтых схільнасцей, зрабіўся яшчэ больш дзіўным, старым і ўважлівым.

Адзіная розніца была ў тым, што ён не праяўляў свайго характару. З кожным днём ён рабіўся больш уважлівым і стрыманым і ні да каго з дамачадцаў доктара не адносіўся з тою цікаўнасцю, якую выклікала ў яго місіс Піпчын. Ён любіў адзіноту, і ў кароткія, вольныя ад заняткаў перапынкі, яму больш за ўсё падабалася бадзяцца аднаму па доме або сядзець на лесвіцы, прыслухоўваючыся да вялікага гадзінніка ў вестыбюлі. Ён добра ведаў усе абоі ў доме; бачыў ва ўзорах тое, чаго ніхто не бачыў; адшукваў мініятурных тыграў і львоў, якія ўзбягалі па сценах спальні, і твары з раскосымі вачыма, падміргваючыя ў квадратах і ромбах вашчанкі на падлозе.

Адзінокае дзіця жыло акружанае гэтымі вычварнымі вобразамі, створанымі яго напружаным уяўленнем, і ніхто яго не разумеў. Місіс Блімбер лічыла яго «дзіўным», а іншы раз слугі