Старонка:Домбі і сын.pdf/133

Гэта старонка была вычытаная

Чопарнасць і элегантнасць касцюма містэра Каркера і некалькі высокамерныя манеры, або ўласцівыя яму самому, або прынятыя ў перайманне ўзору, за якім хадзіць было недалёка, надавалі асобную цану яго пакорлівасці. Ён рабіў уражанне чалавека, які паўстаў-бы супроць сілы, калі-б мог, але які быў зусім раздушаны веліччу і перавагай містэра Домбі.

— Морфін тут? — запытаўся містэр Домбі пасля кароткай паўзы, на працягу якой містэр Каркер шуршаў паперамі і мармытаў сабе пад нос нёвялікія вытрымкі з іх.

— Морфін тут, — адказваў ён, падымаючы галаву і ўсміхаючыся сваёй самай шырокай і нечаканай усмешкай. — Мурлыкае, аддаючыся музычным успамінам, — думаю, аб апошнім сваім вячэрнім квартэце, — за сцяной, якая раздзяляе нас, і даводзіць мяне да шаленства. Лёпш-бы ён спаліў сваю віяланчэль і свае ноты.

— Мне здаецца, вы нікога не шануеце, Каркер, — сказаў містэр Домбі.

— Так? — абазваўся Каркер, зноў ухмыльнуўшыся і зусім па-кацінаму шчэрачы зубы. — Ну, што-ж! Думаю, нямногіх. Бадай, — прашаптаў ён, нібы размышляючы голасна, — я мог-бы паручыцца толькі за аднаго.

— Дарэчы аб Морфіне, — прадаўжаў містэр Каркер, вымаючы з папкі адну паперу. — Ён дакладвае, што ў гандлёвым агенцтве на Барбадосе[1] памёр малодшы агент, і прапануе заказаць месца для намесніка на «Сыне і Наследніку» — ён адыходзіць прыблізна праз месяц. Думаю, што вам усёроўна, хто паедзе? У нас тут няма падыходзячай асобы.

Містэр Домбі з найвялікшым роўнадушшам паківаў галавой.

— Месца незайздроснае, — заўважыў містэр Каркер, узяўшы пяро, каб зрабіць адзнаку на адваротным баку ліста. — Спадзяюся, ён прадаставіць яго якому-небудзь сіраце, пляменніку аднаго са сваіх музыкальных сяброў. Хто там? Увайдзіце.

— Прабачце, містэр Каркер. Я не ведаў, што вы тут, сэр, — сказаў Уолтэр, з'яўляючыся з пісьмамі ў руцэ, нераспячатанымі і толькі што прынесенымі. — Містэр Каркер-малодшы, сэр…

Пачуўшы гэтае імя, містэр Каркер-загадчык быў закрануты за жывое, адчуўшы сорам і знявагу. Ён ва ўпор паглядзеў на містэра Домбі са змяніўшымся і засаромеўшымся тварам, панурыўся і памаўчаў секунду.

— Мне здаецца, сэр, — сказаў ён раптам, і ў злосці паварочваючыся да Уолтэра, — вас прасілі ўжо не ўспамінаць у часе размовы аб містэры Каркеры-малодшым.

— Прабачце, сэр, — адазваўся Уолтэр, — я хацеў толькі сказаць, што, як гаварыў містэр Каркер-малодшы, вы пайшлі,

  1. Барбадос — адзін з астравоў Вест-Індскага архіпелага.