Старонка:Домбі і сын.pdf/149

Гэта старонка была вычытаная

яна загубіла-б гандаль гадзіннікамі, калі-б да яе зноў вярнуліся. Карацей кажучы, Поль наглядаў, пакуль гадзіннік не набыў звычайнага свайго выгляду і не пачаў зноў задаваць свайго паважнага пытання, пасля чаго рабочы, склаўшы інструменты ў доўгую карзінку, пажадаў яму ўсяго найлепшага і пайшоў. Але папярэдне ён шапнуў нешта лакею ля дзвярэй, прычым упамянуў слова «дзівакаваты» — Поль гэта чуў.

Што такое «дзівакаваты» і чаму гэта выклікала спачуванне ў людзей? Што-б гэта магло быць?

Вольны цяпер ад заняткаў, ён часта пра гэта думаў, хоць не так часта, як магло-б здарыцца, калі-б яму патрэбна было думаць пра меншую колькасць рэчаў. А іх было вельмі шмат, і ён думаў увесь час, з раніцы да вечара.

Перш за ўсё пра Фларэнс, якая прыдзе на вечарынку. Фларэнс убачыць, што хлопчыкі яго любяць, і гэта яе парадуе. Вось пра гэта ён думаў заўсёды. Няхай Фларэнс пераканаецца, што яны ласкавыя і добрыя ў адносінах да яго і што ён зрабіўся іх маленькім любімцам, і тады яна будзе ўспамінаць час, які ён правёў тут, без асаблівага смутку. Магчыма, дзякуючы гэтаму ў Фларэнс лягчэй будзе на душы, калі ён сюды вернецца.

Калі ён сюды вернецца! Пяцьдзесят разоў на дзень яго маленькія ножкі нячутна ўзбіраліся па лесвіцы ў яго пакой, калі ён збіраў свае кнігі і ўсю сваю маёмасць і складаў там усё, аж да апошняй дробязі, каб узяць з сабою дадому! Не відаць было, каб маленькі Поль збіраўся сюды вярнуцца; ніякіх падрыхтаванняў да гэтага, ніякіх указанняў на гэта не было ў тым, што ён думаў і рабіў, за выключэннем мімалётнай думкі, звязанай з сястрой. Наадварот, блукаючы па доме ў гэтым задуменні, ён думаў аб усім, яму блізкім, так, нібы павінен быў з гэтым расстацца, а таму вось і патрэбна было думаць пра вельмі многае з раніцы да вечара

Трэба было заглянуць у гэтыя пакоі наверсе і падумаць аб тым, як будзе ў іх пуста, калі ён паедзе; і пацікавіцца, колькі маўклівых дзён, тыдняў, месяцаў і гадоў будуць яны аставацца такімі-ж урачыстымі і ціхімі. Трэба было падумаць аб тым, ці будзе тут калі-небудзь бадзяцца другі хлопчык (такі самы дзівакаваты, як і ён), якому адкрыюцца такія-ж змены ва ўзорах мэблі, і ці раскажа хто-небудзь гэтаму хлопчыку пра маленькага Домбі, які жыў тут калісьці.

Ля акна яго спальні сотні думак зліваліся з гэтымі і прыходзілі адна за другой, адна за другой, як набягаючыя хвалі. Дзе жылі гэтыя дзікія птушкі, якія ў непагоду заўсёды кружацца над морам; адкуль падымаліся і дзе зараджаліся воблакі, адкуль імчаўся вецер у імклівым сваім палёце і дзе ён спыняўся; ці магло тое месца, дзе яны так часта сядзелі з Фларэнс і назіралі і разважалі аб усім гэтым, — ці магло яно і без іх аставацца акурат такім, якім было; ці магло яно астацца такім