Старонка:Домбі і сын.pdf/156

Гэта старонка была вычытаная

нёсшы яго кнігі і чамаданы ў карэту, якая павінна была адвезці на гэту ноч яго і Фларэнс да місіс Піпчын, відавочна расчуліўся.

Нават уплыў больш пяшчотнага пачуцця на маладых джэнтльменаў — а яны ўсе да аднаго былі зачарованы Фларэнс — не перашкодзіў ім шумна развітацца з Полем, махаць яму ўслед капелюшом, напіраць адзін на другога, спускаючыся з лесвіцы, каб паціснуць яму руку, крычаць: «Домбі, не забывайце мяне!» Поль шаптаў Фларэнс, у той час як яна апранала яго, перад самым выхадам: ці чуе яна іх, ці можа яна калі-небудзь забыцца пра гэта, ці прыемна ёй гэта ведаць? І радасць свяцілася ў яго вачах, калі ён размаўляў з ёю.

Адзін раз ён азірнуўся, каб кінуць развітальны позірк, і, паглядзеўшы на павернутыя да яго твары, са здзіўленнем убачыў, якія яны ззяючыя і вясёлыя, як іх многа, нібы ў перапоўненым тэатры. З таго часу, калі-б не здаралася яму падумаць пра ўстанову доктара Блімбера, яна ўспаміналася такой, якой ён яе бачыў у апошні раз; і ніколі не здавалася яна рэальнай, але, як бывае ў сне, ён бачыў толькі мноства вачэй.

Аднак, гэта не было апошнім уражаннем ад установы доктара Блімбера. Было яшчэ што-колечы. Містэр Тутс, які, нечакана апусціўшы адно акно карэты і глянуўшы ўнутр, сказаў з самым ненатуральным хіхіканнем: «Домбі тут?» і зараз-жа падняў акно зноў, не чакаючы адказу. Але і гэта не было апошнім з'яўленнем Тутса, бо не паспела карэта ад'ехаць, як ён таксама раптоўна апусціў другое акно і, глянуўшы ўнутр, якраз таксама хіхікнуў і сказаў якраз такім-жа тонам: «Домбі тут?» і схаваўся якраз таксама, як і раней.

Як смяялася Фларэнс! Поль часта ўспамінаў пра гэта і сам заўсёды смяяўся.

Але неўзабаве пасля гэтага — на другі дзень і пазней — здарылася шмат такога, аб чым, Поль памятаў невыразна. Так, напрыклад, чаму яны праводзілі дні і ночы ў місіс Піпчын замест таго, каб ехаць дадому, чаму ён ляжаў у пасцелі і Фларэнс сядзела каля яго; ці быў у пакоі бацька, ці то быў толькі доўгі цень на сцяне; ці чуў ён, як доктар сказаў пра некага, што калі-б яго адвезлі да свята, якое аўладала яго ўяўленнем вельмі моцна, у параўнанні з яго ўласнай слабасцю, вельмі магчыма, што ён-бы змарнеў.

Ён нават не мог успомніць, ці гаварыў ён часта Фларэнс: «О, Флой, адвязіце мяне дадому і ніколі не пакідайце мяне!», але, здаецца, гаварыў. Яму здавалася часамі, быццам ён зноў і зноў чуе свой уласны голас. «Адвязіце мяне дадому, Флой, адвязіце мяне дадому!»

Але ён мог успомніць, калі вярнуўся дадому і яго неслі па добра знаёмай яму лесвіцы, што на працягу многіх гадзін грукацела карэта, а ён ляжаў на сядзенні, і каля яго была Фларэнс, а старая місіс Піпчын сядзела насупраць. Ён памятаў і свой стары ложачак, куды яго паклалі; сваю цётку, міс Токс і С'юзен,