Старонка:Домбі і сын.pdf/173

Гэта старонка была вычытаная

рыку слухаў яго расказ, — ці не будзе прыстойна і ветліва пры сустрэчы з містэрам Домбі асабіста перадаць яму запрашэнне зайсці і паспытаць у яго бараніны на Брыг-плейс у любы дзень, які той прызначыць, і за шклянкай віна пачаць гутарку аб перспектывах яго маладога сябра. Але няроўнаўважаны характар місіс Мак-Стынджэр і асцярога, што яна ў часе гэтай гутаркі расставіць лагер у карыдоры і адтуль скажа якую-небудзь пропаведзь нядобрага зместу, падзейнічалі, як вуздэчка, на мары гасціннага капітана і пазбавілі яго мужнасці аддавацца ім.

Адну акалічнасць капітан вельмі добра сабе ўясніў, пакуль Уолтэр, задумліва седзячы ў часе абеду і не дакранаючыся да яды, разважаў аб тым, што здарылася, а іменна: хоць сам Уолтэр ад скромнасці сваёй, магчыма, гэтага і не заўважае, але ён з'яўляецца, так сказаць, членам сям'і містэра Домбі. Ён быў асабіста звязаны з падзеяй, якую так чулліва апісаў: пра яго ўспомнілі, назваўшы па імю, і паклапаціліся пра яго лёс у той самы дзень; і лёс яго павінен быў асабліва цікавіць гаспадара. Калі ў капітана і былі якія-небудзь захаваныя сумненні адносна яго ўласных вывадаў, дык ён зусім не сумняваўся ў тым, што вывады гэтыя прыгодны для спакоя духа інструментальнага майстра. Таму ён скарыстаў такі спрыяючы момант і сказаў свайму старому сябру навіну пра Вест-Індыю як прыклад надзвычайнага павышэння па службе, заявіўшы што ён, з свайго боку, з ахвотай паставіў-бы сто тысяч фунтаў (калі-б яны ў яго былі) за поспех Уолтэра ў далейшым і не сумняваецца ў тым, што такое змяшчэнне капітала дало-б вялікую выгаду.

Саламон Джылс спачатку быў уражаны гэтым паведамленнем, якое абрушылася на маленькую заднюю гасціную, нібы ўдар маланкі, і раз'юшана перагортваў вуглі ў каміне. Але капітан разгарнуў перад затуманенымі яго вачыма такія бліскучыя перспектывы, так таямніча зрабіў намёк на уітынгтонаўскія вынікі[1], такое значэнне надаў толькі што пачутаму расказу Уолтэра і з такім давер'ем спасылаўся на яго, як на доказ у карысць сваіх прадсказанняў і вялікі крок да ажыццяўлення рамантычнай легенды пра красуню Пег, што збіў з панталыку старога. Уолтэр, у сваю чаргу, прытварыўся такім абнадзееным і бадзёрым, такім упэўненым у хуткім сваім звароце дадому і, падтрымліваючы капітана, так выразна ківаў галавою і паціраў рукі, што Саламон, паглядзеўшы спачатку на яго, а пасля на капітана Катля, пачаў думаць аб тым, ці не варта яму вельмі абрадавацца.

  1. Уітынгтонаўскія вынікі — г. зн. бліскучая кар'ера, падобная да той, пра якую расказваюць легенды, звязаныя з імем Рычарда Уітынгтона, лонданскага лорд-мэра (ХV ст.), які быў з вельмі беднай сям'і.