Старонка:Домбі і сын.pdf/176

Гэта старонка была вычытаная

— Як, кажаце вы, ваша імя? — запытаўся містэр Перч, нахіліўшыся да яго.

— Капітан, — пачуўся густы хрыплы шэпт.

— Так, — сказаў містэр Перч, кіўнуўшы галавой.

— Катль.

— О! — сказаў тым-жа тонам містэр Перч, бо ён пачуў і нічога не мог зрабіць; дыпламатыя капітана была непераможна. — Пайду пагляджу, ці не вольны ён цяпер. Не ведаю. Магчыма, і вольны на хвілінку.

— Так, так, прыяцель, я не затрымаю яго больш, як на хвіліну, — сказаў капітан, ківаючы з такой паважнасцю, на якую быў здольны.

Перч хутка вярнуўся і сказаў:

— Ці не хоча капітан Катль зайсці?

Містэр Каркер-загадчык, стоячы на дыванчыку перад халодным камінам, які быў упрыгожаны фестонамі з пакавальнай паперы, паглядзеў на ўвайшоўшага капітана не вельмі падбадзёрваючым позіркам.

— Містэр Каркер? — запытаўся капітан Катль.

— Думаю, што так, — сказаў містэр Каркер, ашчэрыўшы ўсе зубы.

Капітану спадабалася, што той адказвае з усмешкай; гэта было прыемна.

— Бачыце, — пачаў капітан, павольна абвёўшы позіркам пакой і ўбачыўшы якраз столькі, колькі дазваляў яму каўнерык, — я, значыцца, марак, містэр Каркер, а Уольр, які запісан у вас тут у кнігах, мне амаль што сын.

— Уолтэр Гэй? — запытаўся містэр Каркер, зноў агаляючы ўсе зубы.

— Уольр Гэй, ён самы, — адказаў капітан, — правільна!

У голасе капітана чулася гарачая пахвальба кемлівасці містэра Каркера.

— Я блізкі сябра яго і яго дзядзькі, — сказаў капітан. — Магчыма што вам здаралася чуць ад галоўнага вашага начальніка маё імя? Капітан Катль.

— Не! — сказаў містэр Каркер, яшчэ больш агаляючы зубы.

— Дык вось, — прадаўжаў капітан, — я маю прыемнасць быць знаёмым з ім. Я наведаў яго на Сасекскім узбярэжжы разам з маім маладым сябрам Уольрам, калі… карацей кажучы, калі спатрэбілася заключыць маленькае пагадненне. — Капітан кіўнуў галавой з бесклапотным, натуральным і ў той-жа час красамоўным выглядам. — Думаю, вам успамінаецца?

— Здаецца, я меў гонар, — сказаў містэр Каркер, — уладжваць гэту справу.

— Правільна! — адказваў капітан. — Правільна! Мелі. Цяпер я набраўся смеласці з'явіцца сюды…

— Ці не прысядзеце вы? — усміхаючыся, сказаў містэр