Старонка:Домбі і сын.pdf/182

Гэта старонка была вычытаная

— Я пастараюся, любая цёця. Я буду старацца, — плачучы, адказвала Фларэнс.

— Рада гэта чуць, — заявіла місіс Чык, — бо, дарагая мая, як скажа вам наша любая міс Токс, аб здаровым сэнсе і надзвычайнай разважлівасці якой двух думак быць не можа…

— Дарагая мая Луіза, дапраўды-ж я хутка пачну ганарыцца, — уставіла міс Токс.

— Скажа вам і падмацуе сваім вопытам, — прадаўжала місіс Чык, — мы закліканы да таго, каб пры ўсіх акалічнасцях рабіць намаганне. Яно патрабуецца ад нас. Калі-б не… Любая мая, — павярнулася яна да міс Токс, — я забылася слова. Не… не…

— Неахайнасць? — падказала міс Токс.

— Не, не! — сказала місіс Чык. — Што вы! Ах, божа мой, яно круціцца ў мяне на языку. Не…

— Недарэчная прывязанасць? — нясмела падказала міс Токс.

— О, божа, Лукрэцыя! — усклікнула місіс Чык. — Гэта проста жахліва! Ненавіснік чалавецтва — вось слова, якое я забылася. Прыдзе-ж у галаву! Недарэчная прывязанасць! Такім чынам, кажу я, калі-б ненавіснік чалавецтва ў маёй прысутнасці запытаўся: «Навошта мы нарадзіліся?», я адказала-б: «Каб рабіць намаганні».

— Сапраўды, гэта вельмі добра, — сказала міс Токс, знаходзячыся пад уражаннем ад такой арыгінальнай думкі. — Вельмі добра.

— На жаль, — прадаўжала місіс Чык, — у нас прыклад перад вачыма. Любае маё дзіця, мы маем права думаць, што калі-б у гэтай сям'і было своечасова зроблена намаганне, можна было-б унікнуць многіх вельмі цяжкіх і прыкрых падзей. Нішто і ніколі не пераканае мяне ў адваротным, — заўважыла рашучым тонам добрая матрона, — што бедная любая Фані магла зрабіць намаганне, і тады няшчасны, любы, дарагі малютка быў-бы ва ўсякім выпадку больш моцнага складу.

Місіс Чык на поўсекунды аддалася сваім пачуццям, але стрымалася ў разгар усхліпванняў і загаварыла зноў.

— Таму, Фларэнс, давядзіце нам, прашу вас, што вы моцная духам, і не абцяжарвайце эгаістычна таго адчаю, у якім знаходзіцца ваш бедны тата.

— Любая цёця! — усклікнула Фларэнс, хутка апускаючыся перад ёю на калені, каб можна было больш пільна і ўважліва пазіраць ёй у твар. — Скажыце мне яшчэ што-небудзь пра тату! Калі ласка, раскажыце мне пра яго! Ён вельмі пакутуе?

У міс Токс была адчувальная натура, і гэта ўпрошванне вельмі яе ўсхвалявала.

На секунду яна забылася пра велічнасць місіс Чык і, хуценька пагладзіўшы Фларэнс па шчацэ, адвярнулася і, не чакаючы ўказанняў гэтай мудрай матроны, не ўтрымалася ад слёз, якія пырснулі з вачэй.