Старонка:Домбі і сын.pdf/22

Гэта старонка была вычытаная

павярнуў ключ і пачаў хадзіць па пакоі, адзінокі і няшчасны. Не гледзячы на ўсю сваю накрухмаленую, непранікальную велічнасць і стрыманасць, ён выціраў пры гэтым слёзы i часта паўтараў з хваляваннем, якога ні за што на свеце не згадзіўся-б праявiць пры людзях: «Бедны хлопчык!»

Мабыць, характэрна для ганарлівасці містэра Домбі, што сам сябе ён шкадаваў праз дзіця. Не «бедны я!», не бедны ўдавец, вымушаны даверыцца жонцы грубага прастака, які ўсё жыццё працаваў «больш за ўсё пад зямлёй», але ў чые дзверы ні разу не пастукала Смерць і за чый стол штодзённа садзілася чацвёра сыноў, але «бедны хлопчык».

Тым часам памiж мiсiс Чык і Рычардс была заключана i замацавана згода з дапамогай міс Токс, а Рычардс, якой з вялікімі цырамоніямі ўручылі, нібы нейкі ордэн, дзіця Домбі, перадала сваё ўласнае са слязмi і пацалункамі Джэмайме. Пасля было падана вiно, каб падтрымаць прыгнечаны дух сям’і.

— Ці не хочаце выпіць шклянку віна, сэр? — прапанавала міс Токс, калi з’явіўся Тудль.

— Дзякуй вам, пані, — сказаў Тудль, — ужо калi вы частуеце.

— І вы з радасцю пакідаеце сваю слаўную жонку ў такім цудоўным доме, праўда, сэр? — прадаўжала мiс Токс, цішком падміргваючы яму.

— Не, пані, — сказаў Тудль. — П’ю за тое, каб яна зноў была дома.

Пры гэтым Полі яшчэ мацней заплакала.

— Ваша малое, Рычардс, будзе вельмі добра сябе адчуваць з вашай сястрой Джэмаймай, — сказала мiсiс Чык, — а вам патрэбна зрабіць толькі намаганне, — на гэтым свеце, ведаеце, усё патрабуе намагання, Рычардс, — каб быць зусім шчаслівай. 3 вас ужо знялi мерку для жалобнай сукенкі, праўда, Рычардс?

— Пра-аўда, пані, — усхліпвала Полі.

— І яна будзе прыгожа ляжаць на вас, я ўпэўнена, — сказала місіс Чык, — таму што гэтая-ж маладая асоба пашыла мне многа сукенак. I з лепшай матэрыі!

— Ax, вы будзеце такой франціхай, — сказала мiс Токс, — што муж вас і не пазнае. Ці не праўда, сэр?

— Я яе пазнаў-бы ў чым хочаце i дзе хочаце, — буркнуў Тудль.

Было ясна, што Тудля не падкупіш.

— А што датычыць яды, Рычардс, — прадаўжала місіс Чык, — то для вас будзе ўсё самае найлепшае. Штодзённа вы будзеце самі заказваць сабе абед; і будзьце ўпэўнены, што ўсё, чаго-б вам не захацелася, зараз-жа вам прыгатуюць, нібы вы якая-небудзь лэдзі.

— Так, зразумела! — з вялікай гатоўнасцю падхапіла мiс Токс.

— І портэр у неабмежаванай колькасці, праўда, Луіза?