Старонка:Домбі і сын.pdf/234

Гэта старонка была вычытаная

чыся Гаргоне[1], прынялі рашэнне ператварыць маладосць і прыгажосць у камень.

Ні адзін чараўнічы дом у чароўнай байцы, згублены ў нетрах вялікага лесу, ніколі не паказаўся-б уяўленню больш адзінокім і закінутым, чым дом яе бацькі, які панура навісаў над вуліцай; па вечарах, калі асвятляліся суседнія вокны, ён быў цёмнай плямай на гэтай мала асветленай вуліцы; удзень — маршчынай на яе твары, які ніколі не ўсміхаўся.

Сумнае запусценне на кожным кроку. Парт'еры ў пакоях, цяжка абвісаючы, страцілі ранейшую сваю форму, і складкі віселі, як цяжкія пакрывалы труны. Люстры пацямнелі, нібы ад подыху гадоў. Рысунак дыванаў зблякнуў і зрабіўся туманным, як памяць пра нязначныя падзеі гэтых год. Дошкі, уздрыгваючы ад непрывычных крокаў, скрыпелі і ківаліся. Ключы іржавелі ў замочных шчылінах дзвярэй. На сценах паказалася сырасць, і па меры таго, як выступалі плямы, карціны нібы адступалі ў глыбіню і хаваліся. У каморах завяліся гніль і плесень. У кутках скляпоў раслі грыбы. Пыл збіраўся, невядома адкуль і як, пра павукоў, моль і мушыныя лічынкі размова ішла штодзённа. Цікаўнага чорнага таракана часцяком знаходзілі на лесвіцы або ў верхнім паверсе, нерухомага, нібы неразумеючага, як ён сюды трапіў. Пацукі ўночы падымалі піск і вазню ў цёмных галярэях, прарытых імі за панеллю.

Панурае хараство парадных пакояў, якія смутна былі відаць у няпэўным святле, што прабівалася праз зачыненыя акяніцы, магло-б умацаваць уяўленне аб зачараваным жыллі. Такімі былі пацямнелыя лапы пазалочаных ільвоў, якія потайкам высоўваліся з-пад чахлоў; абрысы мрамарных бюстаў, якія злавесна прасвечвалі праз вуаль; гадзіннік, які ніколі не паказваў часу, або, калі выпадкова яго накручвалі, ішоў няправільна і біў гадзіну, якой не было на цыферблаце; нечаканае пазвякванне люстра, якое палохала мацней, чым набат; прыглушаныя гукі і лянівыя струмені паветра, якія павявалі на гэтыя прадметы, і зданнёвыя зборышчы іншых рэчаў, пакрытых саванамі і чахламі і набыўшых нерэальныя формы. Але, апрача ўсяго іншага, была тут вялікая лесвіца, дзе так рэдка ступала нага гаспадара дома. Былі тут і другія лесвіцы і карыдоры, па якіх ніхто не хадзіў тыднямі; былі два замкнёныя пакоі, звязаныя з памёршымі членамі сям'і, з успамінамі пра іх, якія перадаваліся шэптам.

Фларэнс жыла адна ў закінутым доме, і дзень праходзіў за днём, а яна, як і раней, жыла адна, і халодныя сцены паглядалі на яе безудзельным позіркам, нібы яны, прыпадабняючыся

  1. Гаргона (грэчаскі міф) — адна з трох сясцёр, страшных жанчын; галовы іх былі ўпрыгожаны змеямі замест валасоў, і позірк іх ператвараў людзей у камень.