Старонка:Домбі і сын.pdf/239

Гэта старонка была вычытаная

Роб адказаў сцвярджальна і, паглядзеўшы ў зашмальцаваную пергаментную кнігу, якая ляжала на канторцы, уголас прачытаў адрас.

Фларэнс зноў павярнулася да сваёй служанкі і пачала раіцца з ёю ўпоўголаса, а круглавокі Роб, памятаючы аб тайным загадзе свайго апякуна, пазіраў і слухаў. Фларэнс прапанавала накіравацца да капітана Катля, даведацца ад яго самога, як ён ставіцца да адсутнасці вестак пра «Сына і Наследніка», і калі ўдасца, то прывесці яго сюды, каб пацешыць дзядзьку Соля. Спачатку С'юзен крыху пярэчыла, спасылаючыся на вялікую адлегласць; але калі яе гаспадыня спамянула пра наёмную карэту, яна ўзяла назад сваё пярэчанне і дала згоду. Размова прадаўжалася некалькі хвілін, перш чым яны прышлі да такога заключэння, а ў гэты час Роб, які выпучваў вочы, уважліва сачыў за абодвума субяседніцамі і прыслухоўваўся то да адной, то да другой, нібы яго прызначалі быць суддзёй у спрэчцы.

Нарэшце, Роба паслалі па карэту, а наведвальніцы асталіся ў краме; калі ён вярнуўся, яны селі ў экіпаж, загадаўшы перадаць дзядзьку Солю, што абавязкова наведаюцца да яго едучы назад.

Наёмная карэта, перамогшы нечуваныя перашкоды ў выглядзе разводных мастоў, невыбрукаваных вуліц, непраходных каналаў, караванаў бочак, гародаў, засаджаных бобам, маленькіх пральняў і іншых падобных перашкод, якіх так многа было ў гэтай мясцовасці, спынілася на рагу Брыг-плейс. Вышаўшы тут з карэты, Фларэнс і С'юзен Ніпер пайшлі па вуліцы, шукаючы жыллё капітана Катля.

На няшчасце, здарылася так, што ў гэты дзень у місіс Мак-Стынджэр адбывалася генеральная чыстка. У такія дні місіс Мак-Стынджэр будзіў ад сну палісмен, які стукаў у дзверы без чвэрці тры раніцы, а яна рэдка калі клалася спаць раней дванаццаці гадзін ночы. Галоўная мэта гэтай працэдуры заключалася, як відаць, у тым, што досвіткам місіс Мак-Стынджэр выносіла ўсю мэблю ў садзік, увесь дзень сланялася па доме ў патэнах[1], а на змроку зноў уносіла мэблю ў дом. Гэта цырамонія прыводзіла ў вялікае трапятанне галубянят — юных Мак-Стынджэраў, — якім у такіх выпадках не толькі не было куды ступіць, але і звычайна даставалася нямала ўдараў дзюбай ад матулі, пакуль прадаўжаўся ўрачысты абрад.

У той момант, калі Фларэнс і С'юзен Ніпер з'явіліся ў дзвярах місіс Мак-Стынджэр, гэта годная, але грозная асоба цягнула па карыдоры Александра Мак-Стынджэра, — узрост два гады тры месяцы, — каб гвалтоўна памясціць яго ў сядзячым становішчы на тратуары; твар у Александра пачарнеў, бо ён задыхаўся пасля заслужанага пакарання, а ў такіх выпадках халод-

  1. Патэны — драўляныя падэшвы, якія прымацоўваюцца да бацінка раменьчыкамі; замянялі галёшы.