Старонка:Домбі і сын.pdf/249

Гэта старонка была вычытаная

не больш, чым Пталамея Вялікага[1]. Сэр Барнет заяўляў, што нічога не можа быць лягчэй, бо ён вельмі добра з ім знаёмы, пасля адразу-ж накіроўваўся з візітам да вышэйспамянёнай асобы, пакідаў візітную картку, пісаў запіску: «Паважаны сэр… Абавязак вашага высокага становішча… сябра, што госціць у мяне, натуральна, прагне… лэдзі Скетлс і я сам далучаемся… верым, што, з прычыны таго што геній стаіць вышэй умоўнасцей, вы нам акажаце выключны гонар, зрабіўшы прыемнасць…» і т. д. і т. д., і такім чынам адным каменем забіваў насмерць двух птушак.

Пусціўшы ў ход табакерку і сцяг, сэр Барнет Скетлс задаў сваё звычайнае пытанне Фларэнс у першую раніцу яе прабывання ў доме. Калі Фларэнс падзякавала яму і сказала, што няма нікога, чыя прысутнасць была-б ёй асабліва пажаданай, яна, натуральна, падумала з журбою пра беднага прапаўшага Уолтэра.

Скетлс-малодшы (што датычыць да яго гальштука — вельмі накрухмалены, а што датычыць да яго настрою — прыгнечаны) быў, як відаць, засмучаны жаданнем сваёй надзвычай добрай маці, каб ён аказваў увагу Фларэнс. Другой і больш глыбокай крыўдай, якая катавала душу юнага Барнета, была прысутнасць доктара і місіс Блімбер, якія атрымалі запрашэнне пагасціць у бацькаўскім доме.

— Ці не можаце вы прапанаваць каго-небудзь, доктар Блімбер? — сказаў сэр Барнет Скетлс, звяртаючыся да гэтага джэнтльмена.

— Вы вельмі ветлівы, сэр Барнет, — адказаў доктар Блімбер. — Дапраўды-ж, мне цяжка назваць якую-небудзь пэўную асобу.

— Можа місіс Блімбер хоча ўбачыць якую-небудзь выдатную асобу? — пачціва запытаўся сэр Барнет.

Місіс Блімбер, соладка ўсміхнуўшыся і паківаўшы нябесна-блакітным чапцом, адказвала, што, калі-б сэр Барнет мог прадставіць яе Цыцэрону, яна звярнулася-б да яго з просьбай; але паколькі такое знаёмства немагчыма, а яна ўжо карыстаецца сяброўскай прыхільнасцю яго самога і яго жонкі і падзяляе з доктарам, сваім мужам, надзеі, што ўскладаюцца на дарагога сына сэра Барнета, — тут юны Барнет, як было заўважана, зморшчыў нос, — ёй больш няма чаго прасіць.

Пры такіх акалічнасцях сэру Барнету нічога не аставалася, як часова карыстацца тымі, што тут сабраліся. Фларэнс гэтаму была рада, бо ў яе тут былі клопаты, якія для яе былі вельмі неабходнымі і важнымі, каб уступіць месца іншым інтарэсам.

У доме гасцілі дзеці. Дзеці, якія былі шчырыя і шчаслівыя са сваімі бацькамі і маткамі, як тыя румяныя дзяўчынкі ў доме насупраць. Дзеці, якія не хавалі сваёй любові і выяўлялі яе сва-

  1. Пталамей Вялікі (II ст. н. э) — грэчаскі астраном і матэматык, які нарадзіўся ў Егіпце; яго сістэма, паводле якой у цэнтры сусвету знаходзіцца зямля, была абвергнута Капернікам.