Старонка:Домбі і сын.pdf/262

Гэта старонка была вычытаная

выконваць загады, адаслаў пазяхаючага хлапца спаць пад прылавак, а сам падняўся наверх, у спальню Саламона Джылса.

Што выцерпеў капітан у наступны дзень, калі міма вокнаў прамільгаў капялюшык, і колькі разоў ён выбягаў з крамы, унікаючы ад уяўляемых Мак-Стынджэраў, і шукаў выратаванне на гары, — цяжка апісаць. Але каб унікнуць стомленасці, звязанай з такім спосабам самазахавання, капітан завесіў з сярэдзіны шкляныя дзверы, што вялі з крамы ў гасціную, падабраў да іх ключ з прысланай яму звязкі і прасвідраваў сабе дзірачку ў сцяне. Выгады гэтай сістэмы фартыфікацыі[1] відавочны. Пры паяўленні капялюшыка капітан у адзін момант уцякаў у крэпасць, замыкаўся на ключ і спотайку наглядаў за ворагам. Пераканаўшыся, што трывога фальшывая, капітан у адзін момант выбягаў адтуль. А з прычыны таго, што капялюшыкаў на вуліцы было вельмі многа, а трывога нязменна была звязана з іх паяўленнем, то капітан увесь дзень толькі і рабіў, што ўбягаў і выбягаў.

Між іншым, у разгар гэтых практыкаванняў капітан Катль знайшоў час агледзець тавар, аб якім у яго склалася агульная думка (вельмі цяжкая для Роба), што чым даўжэй яго церці і чым ярчэй ён будзе блішчэць, тым лепш. Пасля ён наклеіў ярлычкі на некаторыя прадметы, прывабныя на выгляд, наўздагад вызначыўшы цэны ад дзесяці шылінгаў да пяцідзесяці фунтаў, і выставіў іх у акно, на вялікае здзіўленне публікі.

Скончыўшы гэтыя палепшанні, капітан Катль, акружаны інструментамі, пачаў лічыць сябе прычасным да навукі. Да Фларэнс капітан накіраваўся з нечаканымі весткамі пра дзядзьку Соля зараз-жа пасля таго, як заўладаў Мічманам, але яна паехела. Такім чынам, капітан замацаваўся на сваім новым жыццёвым пасту; не сустракаючыся ні з кім, апрача Роба Тачыльшчыка, і губляючы лікі дзён, як гэта бывае з людзьмі, у чыім жыцці адбыліся вялікія змены, ён размышляў пра Уолтэра, пра Саламона Джылса і нават пра самую місіс Мак-Стынджэр, як пра адышоўшае мінулае.


РАЗДЗЕЛ ХХVІ

Цені мінулага і будучага.

— Ваш пакорны слуга, сэр, — сказаў маёр. — Чорт пабяры, сэр, сябра майго сябра Домбі — мой сябра, і я рад вас бачыць.

— Каркер, я надзвычай удзячны маёру Бегстоку за кампанію і гутаркі, — растлумачыў містэр Домбі. — Маёр Бегсток зрабіў мне вялікую паслугу, Каркер.

  1. Фартыфікацыя — навука аб збудаванні крэпасных і палявых умацаванняў.