Старонка:Домбі і сын.pdf/299

Гэта старонка была вычытаная

— Калі-б мне дазволілі перамяніць іх, мама, — адазвалася Фларэнс, — ёсць адзін пакой наверсе, які значна больш мне спадабаецца.

— Хіба тут не досыць высока, любая мая дзяўчынка? — з усмешкай запыталася Эдзіт.

— Гэта быў пакой майго брата, — сказала Фларэнс, — і я яго вельмі люблю. Я хацела пагаварыць аб ім з татам, калі вярнулася дадому і застала тут рабочых і ўсе гэтыя перамены, але…

Фларэнс патупіла вочы, баючыся, каб той-жа позірк не прымусіў яе зноў запнуцца.

— Але я пабаялася, што гэта яго засмуціць; а з тае прычыны, што вы сказалі, мама, што хутка вернецеся і будзеце тут поўнай гаспадыняй, я вырашыла адважыцца і папрасіць аб гэтым вас.

Эдзіт сядзела, не зводзячы бліскучых вачэй з яе твара, але, калі Фларэнс зірнула на яе, яна, у сваю чаргу, патупіла вочы. Вось тады-ж і падумала Фларэнс, што прыгажосць гэтай лэдзі зусім не тая, якою паказалася ёй першы раз. Яна лічыла гэту прыгажосць ганарлівай і велічнай, але лэдзі трымала сябе так ласкава і ціхмана, што — каб была яна аднагодкай з Фларэнс і адных з ёю схільнасцей — яна бадай ці ўнушала-б больш давер'я.

Яна ахвотна згадзілася з просьбай Фларэнс адносна новага пакоя і сказала, што сама аб гэтым паклапоціцца. Пасля яна пачала распытваць пра небараку Поля і пасля кароткай гутаркі паведаміла Фларэнс, што заехала па яе з намерам забраць яе да сябе.

— Цяпер мы пераехалі ў Лондан, мая маці і я, — сказала Эдзіт, — і вы будзеце жыць з намі да майго замуства. Я хачу, каб мы бліжэй пазнаёміліся і давяралі адна другой, Фларэнс.

— Вы вельмі добрая да мяне, любая мама, — сказала Фларэнс, — як я вам удзячна.

— Вось што я вам скажу цяпер, бо больш зручнага выпадку, магчыма, не будзе, — прадаўжала Эдзіт, азірнуўшыся, каб даведацца, ці адны яны, і прыцішыўшы голас: — калі я выйду замуж і на некалькі тыдняў паеду, у мяне будзе спакайней на душы, калі вы вернецеся сюды дадому. Хто-б вас не запрашаў да сябе, вярніцеся дадому. Лепш быць адной, чым… Я хачу сказаць, — дадала яна, запнуўшыся, — што як мне вядома, вы лепш за ўсё адчуваеце сябе дома, любая Фларэнс.

— У той-жа дзень я вярнуся дадому, мама.

— Так і зрабіце. Я звяраюся на ваша абяцанне. А цяпер, дарагая, збірайцеся, і паедзем. Вы знойдзеце мяне ўнізе, калі будзеце гатовы.

Паважаная місіс Ск'ютон заняла дом на Брук-стрыт, Гроўнер-сквер, што належаў велічнаму сваяку (аднаму з родзічаў Фінікса), які выехаў з горада і велікадушна ўступіў свой дом