Старонка:Домбі і сын.pdf/331

Гэта старонка была вычытаная

гаду, накіраваўся ў дарогу, ён мне сказаў, што гэта падарожжа, як яму вядома, нічога агульнага не мае з яго асабістай выгадай або павышэннем па службе. Я лічыў, што ён памыляецца, і так і сказаў яму, а пасля прышоў сюды і, з прычыны таго, што галоўны ваш начальнік адсутнічаў, падаў вам два-тры пытанні, з належнай пачцівасцю, для ўласнага супакаення. На гэтыя пытанні вы адказалі шчыра. Цяпер, калі ўсё скончана і трэба перацярпець тое, што нельга змяніць, — а вы, як чалавек вучоны, перагартайце кнігу і, знайшоўшы гэта месца, адзначце яго, — цяпер-бы я адчуў супакаенне, пачуўшы яшчэ раз, што я не памыліўся і выканаў свой абавязак, калі ўтаіў ад старога словы Уольра, і што сапраўды дзьмуў спадарожны вецер, калі ён распусціў парусы, адплываючы ў Барбадоскую гавань. Містэр Каркер, — прадаўжаў капітан з уласцівым яму добрадушшам, — калі я быў тут апошні раз, мы з вамі вельмі весела правялі час. Калі я не такі вясёлы сёння праз гэтага няшчаснага хлопчыка і калі я разгарачыўся, выклікаўшы ў вас заўвагі, якія мог-бы папярэдзіць, то завуць мяне Эдуард Катль, і я прашу ў вас прабачэння.

— Капітан Катль, — з найвялікшай пачцівасцю адказваў загадчык, — я вымушан прасіць вас аб адной ласцы.

— Аб якой іменна, сэр? — запытаўся капітан.

— Будзьце ласкавы, патурбуйцеся выйсці, — сказаў загадчык, паказваючы рукою на дзверы, — і гаварыце свае недарэчныя прамовы дзе-небудзь у іншым месцы.

Усе гузакі на твары капітана пабялелі ад здзіўлення і абурэння, нават чырвоны абадок на ілбе пабляднеў, як бляднее радуга сярод пахмурых воблакаў.

— Вось што я вам скажу, капітан Катль, — прадаўжаў загадчык, пагражаючы ўказальным пальцам і паказваючы яму ўсе зубы, але па-ранейшаму ветліва ўсміхаючыся, — я быў занадта ласкавым да вас, калі вы былі тут раней. Вы належыце да катэгорыі людзей хітрых і дзёрзкіх. Жадаючы выратаваць маладога… як яго там завуць… якому пагражала небяспека вылецець адсюль, я зрабіў вам ласку — адзін раз і толькі адзін раз. А цяпер ідзіце, мой сябра!

Капітан быў літаральна прыбіты да падлогі і страціў здольнасць размаўляць.

— Ідзіце, — сказаў добрадушна загадчык, падабраўшы фалды фрака і шырока расставіўшы ногі на камінным дыванчыку, — як і належыць разумнаму чалавеку, і не прымушайце нас паказваць вам на дзверы або ўжываць рашучыя меры. Каб містэр Домбі быў цяпер тут, вам, капітан, напэўна, давялося-б пайсці з вялікай ганьбай. А я толькі кажу — ідзіце!

Капітан, прыціснуўшы сваю цяжкую руку да грудзей, нібы хочучы лягчэй уздыхнуць, аглядзеў містэра Каркера з ног да галавы, а пасля акінуў позіркам маленькі пакой, нібы не зусім разумеючы, дзе і ў якой кампаніі ён знаходзіцца.