Старонка:Домбі і сын.pdf/338

Гэта старонка была вычытаная

варылі, і ён супярэчыў вашым словам. І зноў я пазіраю вам у твар, — дадаў ён, ласкава дакрануўшыся да яе рукі, — ён супярэчыць вам усё больш і больш.

Яна была злёгку збянтэжанай і ўсхваляванай і нічога не магла адказаць.

— Ваш твар — люстра праўдзівасці і пакоры, — сказаў наведвальнік. — Прабачце, што я паверыў яму і вярнуўся.

Тон, якім былі сказаны гэтыя словы, рабіў іх зусім непадобнымі да камплімента. Тон быў такі шчыры, сур'ёзны, стрыманы і праўдзівы, што яна нахіліла галаву, нібы хацела і падзякаваць яму і прызнаць яго шчырасць.

— Розніца ў гадах, — сказаў джэнтльмен, — і сумленнасць маіх намераў даюць, думаю я, права гаварыць адкрыта. І я гэта раблю, таму вось вы і бачыце мяне другі раз.

— Бывае асаблівая гордасць, сэр, — памаўчаўшы, адазвалася яна, — або тое, што можа быць прынята за гордасць, але ў сапраўднасці гэта толькі абавязак. Спадзяюся, што ўсякая іншая гордасць мне не ўласціва.

— А гордасць сабою? — запытаўся ён.

— І гордасць сабою.

— Але… прабачце… — нерашуча пачаў джэнтльмен, — а што вы скажаце пра вашага брата Джона?

— Я ганаруся яго любоўю, — сказала Херыет, пазіраючы ва ўпор на свайго госця і ў момант змяняючы тон; хоць ён аставаўся па-ранейшаму стрыманым і спакойным, але была ў ім глыбокая гарачая сур'ёзнасць, дзякуючы якой нават дрыглівы голас сведчыў аб яе цвёрдасці. — І ганаруся ім! Сэр, вы, які нейкім чынам даведаліся пра гісторыю яго жыцця і перадалі яе мне, калі былі тут у апошні раз…

— Толькі для таго, каб заваяваць ваша давер'е, — перапыніў джэнтльмен. — Даруй божа, не падумайце…

— Я ўпэўнена, — сказала яна, — што вы загаварылі пра яе са мною з добрым і пахвальным намерам. У гэтым я зусім ўпэўнена.

— Дзякую вам, — адазваўся госць, таропка паціснуўшы ёй руку. — Я вам вельмі ўдзячны. Запэўняю вас, вы аддаеце мне належную даніну. Вы пачалі гаварыць, што я, які ведае гісторыю жыцця Джона Каркера…

— Вы можаце абвінаваціць мяне ў ганарлівасці, — прадаўжала яна, — калі я гавару, што ганаруся ім. Так, ганаруся. Вам вядома, што быў час, калі я не ганарылася — не магла ганарыцца, — але час гэты мінуўся.

— Ваш брат зрабіўся іншым чалавекам, — спачувальна адазваўся джэнтльмен. — Запэўняю вас, што я ў гэтым не сумняваюся.

— Ён быў іншым чалавекам, калі зрабіў злачынства, — сказала Херыет. — Ён іншы чалавек цяпер і стаў самім сабою, паверце мне, сэр!