Старонка:Домбі і сын.pdf/340

Гэта старонка была вычытаная

наведвальнік з клапатлівай пяшчотнасцю, — варта добра глядзець свайго здароўя дзеля яго, а я баюся, што яно пагоршала.

— Хто-б вы ні былі, сэр, — адазвалася Херыет, зірнуўшы на яго, — я вам вельмі ўдзячна. Я адчуваю, што вы хочаце зрабіць нам дабро і ніякіх іншых мэт не ставіце перад сабой. Але мы ўжо шмат гадоў жывем так, і забраць у брата хоць частачку таго, што зрабіла яго такім дарагім для мяне і даказала яго благародную рашучасць, зменшыць у нейкай меры яго заслугу, якая заключаецца ў тым, што ён у абсалютнай адзіноце, бездапаможны, нікому невядомы і ўсімі забыты, згладжвае сваю віну, азначала-б пазбавіць уцехі і яго і мяне, калі для кожнага з нас настане тая гадзіна, пра якую вы толькі што гаварылі. Гэтыя слёзы выказваюць маю ўдзячнасць вам лепш, чым якія іншыя словы. Прашу вас, верце гэтаму!

Джэнтльмен быў расчулены і паднёс да губ працягнутую яму руку так, як мог-бы чулы бацька пацалаваць руку добрай дачкі, але з большай пачцівасцю.

— Калі прыдзе дзень, — сказала Херыет, — калі ён будзе часткова адноўлен у тым становішчы, якое страціў…

— Адноўлен! — жыва выгукнуў джэнтльмен. — Як можна на гэта спадзявацца! У чыёй уладзе яго аднавіць? Зразумела, я не памыляюся, думаючы, што заваяванне ім каштоўнейшага яго скарбу з'яўляецца адной з прычын варожасці да яго ўласнага брата.

— Вы закранаеце прадмет, аб якім ніколі не гаварылі мы. Нават мы, — сказала Херыет.

— Прашу прабачэння, — сказаў госць. — Мне варта было гэта ведаць. Прашу вас, забудзьцеся пра тое, аб чым я недарэчы ўспомніў. А цяпер я не буду больш дамагацца, бо я не ўпэўнен, ці маю права я гэта рабіць, хоць, бог ведае, магчыма нават гэтае сумненне таксама з'яўляецца адной з прывычак, — дадаў джэнтльмен, зноў з безнадзейным выглядам паціраючы лоб. — Дазвольце-ж мне, чалавеку чужому і ў той-жа час не чужому, прасіць вас наконт двух паслуг.

— Наконт якіх? — запыталася яна.

— Калі па якой-небудзь прычыне вы зменіце сваё рашэнне, дазвольце мне быць вашай правай рукой. Тады я назаву вам сваё імя. Цяпер гэта бескарысна, ды і наогул імя маё не асабліва вядомае.

— Выбар сяброў у нас не такі вялікі, каб мне патрэбна было доўга думаць, — адказала яна са слабай усмешкай. — Я магу гэта абяцаць.

— Дазвольце мне таксама калі-ні-калі, ну, скажам, па панядзелках, у дзевяць раніцы — яшчэ адна прывычка, напэўна: я дзелавы чалавек, — сказаў, джэнтльмен, — дазвольце мне праходзіць міма вашага дома, каб убачыць вас у дзвярах або ў акне. Я не прашу дазволу заходзіць да вас, калі ў гэты час вашага брата