Старонка:Домбі і сын.pdf/342

Гэта старонка была вычытаная

Жанчына. Адзінокая жанчына гадоў трыццаці, высокая, статная, прыгожая, у жабрацкай вопратцы; гразь, пазбіраная на многіх прасёлачных дарогах ва ўсякае надвор'е — пыл, мел, гліна, пясок, — абляпіла пад праліўным дажджом яе шэры плашч; яна была без капялюша, і яе пышныя чорныя валасы былі ахаваны ад дажджу толькі парванай насавой хустачкай, канцы якой, а таксама пасмы валасоў, развяваючыся на ветры, спадалі ёй на вочы, дзякуючы чаму яна павінна была часта спыняцца, каб адкінуць іх назад і паглядзець на дарогу.

Якраз у гэты момант яе заўважыла Херыет. Падняўшы абедзве рукі да загарэлага ілба і правёўшы імі па твары, яна адвяла перашкаджаўшыя ёй пасмы і адкрыла твар, які вызначаўся прыгажосцю смелай і пагардлівай; у ім было дзёрзкае і парочнае роўнадушша да нечага больш важнага, чым надвор'е, неахайная абыякавасць да ўсяго, што наслалі на яе непакрытую галаву неба і зямля. Хоць хада яе была цвёрдая і рашучая, яна стамілася і, пасля нядоўгіх ваганняў, села на кучу камення, не хаваючыся ад дажджу.

Яна была якраз насупроць дома. Апусціўшы на момант галаву на абедзве рукі, яна зноў падняла яе, і позірк яе спаткаўся з позіркам Херыет.

У адзін момант Херыет апынулася ля дзвярэй; жанчына, слухаючыся воклічу, устала і павольна наблізілася да яе, але выгляд у яе быў не вельмі прыязны.

— Чаму вы сядзіце пад дажджом? — мякка запыталася Херыет.

— Таму што мне больш няма дзе адпачыць, — быў адказ.

— Але тут непадалёку можна знайсці дзе схавацца. Вось тут, — паказала яна на ганачак, — лепш, чым там, дзе вы былі. Адпачніце тут.

Жанчына паглядзела на яе недаверліва і здзіўлена, але нічым не выяўляючы сваёй удзячнасці; усеўшыся і скінуўшы свой стаптаны чаравік, каб вытрасці з яго дробныя каменьчыкі і пыл, яна паказала рассечаную і акрываўленую нагу.

Калі Херыет ускрыкнула ад жалю, жанчына з пагардлівай і недаверлівай усмешкай зірнула на яе.

— Якое значэнне мае параненая нага для такой, як я? — сказала яна, — і якое значэнне мае мая параненая нага для такой, як вы?

— Зайдзіце ў дом і абмыйце яе, — ціха сказала Херыет, — а я вам дам чым перавязаць яе.

Жанчына схапіла яе руку, прыцягнула да сябе, і, прыціснуўшы да сваіх вачэй, заплакала. Не так, як плачуць жанчыны, але як плача мужчына, які выпадкова паддасца гэтай слабасці, — перарывіста дыхаючы і стараючыся стрымацца, што сведчыла аб тым, як неўласціва было ёй такое хваляванне.

Яна далася завесці сябе ў дом і, напэўна хутчэй у адзнаку падзякі, чым ад жадання паклапаціцца аб сабе, абмыла і пера-