Старонка:Домбі і сын.pdf/358

Гэта старонка была вычытаная

гулку, і, усеўшыся ў крэсла, што стаяла ў цёмным кутку, укрыў твар насавой хустачкай і пачаў драмаць.

Для Фларэнс досыць было ўжо таго, што яна можа сядзець тут і сачыць за ім, час ад часу паглядаючы на яго крэсла, сочачы за ім у думках, калі твар яе нахіляўся над работай, і смутна радуючыся таму, што ён можа спаць пры ёй і яго не бянтэжыць яе прысутнасць, якой ён раней не мог цярпець.

Аб чым-бы яна пачала думаць, калі-б даведалася, што ён упарта пазірае на яе, хустачка на яго твары, выпадкова або наўмысна, пакладзена так, каб ён мог бачыць, і вочы яго ні на секунду не адрываюцца ад яе твара! А калі яна пазірала ў яго бок, у заценены, цёмны куток, яе ясныя вочы, якія гаварылі без слоў больш палка і патэтычна, чым усе прамоўцы на свеце, і ў нямым закліку кідалі яму больш сур'ёзнае абвінавачанне, сустракаліся з яго вачыма, не ведаючы пра гэта. Калі-ж яна зноў нахіляла галаву над работай, ён дыхаў больш вольна, але ўсё яшчэ пазіраў на яе з той-жа ўвагай — на яе белы лоб, спадаючыя валасы і занятыя работай рукі і, раз глянуўшы, здавалася, ужо не мог адвесці позірку.

Аб чым-жа думаў у гэты час ён? З якімі пачуццямі скіроўваў ён цішком уважлівы позірк на невядомую яму дачку? Ці чытаў ён дакор у гэтым ціхім вобліку і спакойных вачах? Ці пачаў прызнаваць яе правы, якімі ён пагарджаў, ці кранулі яны, нарэшце, яго сэрца і ці абудзілі ў ім усведамленне жорсткай яго несправядлівасці?

Бываюць хвіліны пакорлівасці ў жыцці самых суровых і чорствых людзей, хоць такія людзі большай часткай добра захоўваюць сваю тайну. Выгляд дачкі ў росквіце прыгажосці, якая без яго ведама зрабілася амаль жанчынай, мог выклікаць на хвіліну такія развагі нават у яго жыцці, поўным ганарлівасці. Мімалётная думка аб тым, што шчаслівы дамашні ачаг быў тут, у яго пад рукою… геній, які ахоўвае сямейнае шчасце, схіляўся да яго ног… а ён, поўны сваёй упартай, панурай пагарды, не заўважыў яго, пайшоў і загубіў сябе… магчыма, нарадзіла такую хвіліну. Простыя красамоўныя словы, якія гучэлі выразна, — хоць ён не разумеў, што гэтыя словы перадае яму яе нямы позірк: «У імя паміраючых, якіх я даглядала, у імя пакутлівага дзяцінства, у імя нашай сустрэчы ў гэтым панурым доме а поўначы, у імя крыку, які вырваўся з майго змучанага сэрца, о, бацька, павярніцеся да мяне і знайдзіце прытулак у маёй любові, пакуль яшчэ не позна!» — словы гэтыя маглі выклікаць такую хвіліну. Гэта думка магла быць звязана з думкамі больш нізкімі, як, напрыклад, думка аб тым, што яго памёршы хлопчык вызваліў месца для новай прывязанасці, і цяпер ён можа дараваць той, хто адабрала ў яго гэту любоў. Нават адной думкі аб тым, што яна можа быць упрыгожаннем сярод усіх упрыгожанняў і раскошы, што яго акружаюць, бадай,