Старонка:Домбі і сын.pdf/367

Гэта старонка была вычытаная

— Бясспрэчна, вы ўжо чулі гэту гісторыю? — запытаўся стрыечны брат Фінікс.

— Не бяруся меркаваць, — адказаў нясмелы госць, які расхрабрыўся, — пакуль не пачую расказу вашага лордства.

Сказаўшы гэта, ён адкінуўся на спінку крэсла і з усмешкай утаропіўся вачыма ў столь, нібы ведаў напамяць гэту гісторыю і загадзя пацяшаўся.

— Уласна кажучы, ніякай гісторыі тут няма, — сказаў стрыечны брат Фінікс, усміхаючыся ўсім, хто сядзеў за сталом, і гулліва ківаючы галавой, — і не патрэбны прадмовы. Але гэта даказвае ўтончанае астраум'е Джэка. Справа ў тым, што Джэк быў запрошаны на вяселле… якое, калі не памыляюся, мела месца ў Баркшыры?

— У Шропшыры, — сказаў нясмелы госць, які расхрабрыўся, бачачы, што звяртаюцца да яго.

— Вось як? Цудоўна! Уласна кажучы, яно магло мець месца ў любым шыры[1], — сказаў стрыечны брат Фінікс. — Такім чынам, мой сябра, запрошаны на гэта вяселле ў Любымшыры, — трапную астроту ён адзначыў прыемнай усмешкай, — накіроўваецца ў дарогу. Якраз таксама, як сёй-той з нас, маючы гонар быць запрошаным на вяселле маёй цудоўнай і беззаганнай сваячкі і майго сябра Домбі, не чакаў паўторнага запрашэння і быў вельмі рады прысутнічаць на такім цікавым свяце… Такім чынам, ён — Джэк — накіроўваецца ў дарогу. Але гэты шлюб быў, уласна кажучы, саюзам незвычайна прыгожай дзяўчыны з чалавекам, якога яна зусім не кахала, але за якога згадзілася выйсці замуж таму, што ён быў багаты, надта багаты. Калі Джэк вярнуўся пасля вяселля, адзін знаёмы, сустрэўшы яго ў вестыбюлі Палаты абшчын, кажа: «Ну, што, Джэк, як маецца няўдала падабраная пара?» — «Няўдала падабраная! — адказвае Джэк. — Ды не праўда! Гэта зусім сумленная і прыстойная здзелка. Яна па ўсіх правілах куплена, а ён — за гэта вы можаце паручыцца — па ўсіх правілах праданы!»

Але пакуль стрыечны брат Фінікс ад усёй душы радаваўся, дайшоўшы да кульмінацыйнага пункту свайго расказу, дрыжыкі, што прабеглі, нібы электрычная іскра, вакол стала, прымусілі яго змоўкнуць. Адзіная тэма, дзякуючы якой завязалася ў той дзень агульная гутарка, ні ў каго не выклікала ўсмешкі. Запанавала глыбокае маўчанне, і злашчасны нясмелы госць, які меў не большае ўяўленне аб гэтай гісторыі, чым дзіця, якое яшчэ не нарадзілася, з вялікім смуткам прачытаў ва ўсіх позірках, што яго лічаць вінавайцам зла.

Твар містэра Домбі быў не з тых, што змяняюцца, і, прыняўшы ў той дзень велічны выгляд, ён ніяк не адазваўся на гэты расказ і толькі прагаварыў урачыста сярод запанаваўшай цішыні: «Вельмі добра». Эдзіт кінула шпаркі позірк на Фларэнс, але ўвогуле аставалася абыякавай і роўнадушнай.

  1. Shire — у мінулым так называлася графства.