Старонка:Домбі і сын.pdf/370

Гэта старонка была вычытаная

Поль і забыўся аб маіх правах. Я, як член сям'і, не маю намеру сядзець тут, каб на мяне не звярталі ўвагі. Я — пакуль яшчэ не пыл пад нагамі місіс Домбі, пакуль яшчэ не! — сказала місіс Чык такім тонам, нібы чакала, што гэта здарыцца прыкладна паслязаўтра. — Я, я паеду! Я не скажу (як-бы я там ні думала), што гэта рабілася з адзінай мэтай зняславіць мяне і зняважыць. Я проста паеду! Мая адсутнасць астанецца незаўважанай!

Пры гэтых словах місіс Чык велічна ўстала і ўзяла пад руку містэра Чыка, які вышаў з ёй з пакоя пасля поўгадзіннага прабывання на заднім плане. І трэба аддаць належнае празорлівасці місіс Чык — яе адсутнасць асталася зусім незаўважанай.

Нарэшце, разышліся ўсе госці, а таксама і слугі з факеламі, і вуліца, якая так доўга была застаўлена экіпажамі, зрабілася бязлюднай; а пры дагараючых свечках нікога не было відаць у пакоях, апрача містэра Домбі і містэра Каркера, якія паводдаль гутарылі, і місіс Домбі і яе маці; першая сядзела на канапе, другая ляжала ў позе Клеапатры, чакаючы калі прыдзе яе пакаёўка. Калі містэр Домбі скончыў размову з Каркерам, апошні наблізіўся з ліслівым выглядам, каб развітацца.

— Спадзяюся, — сказаў ён, — стомленасць, выкліканая гэтым чароўным вечарам, не адаб'ецца заўтра на місіс Домбі.

— Місіс Домбі, — падышоўшы, сказаў містэр Домбі, — у дастатковай меры старалася ўнікнуць стомленасці, каб пазбавіць вас ад усялякага нёспакойства наконт гэтага. На жаль, я павінен сказаць, місіс Домбі, мне хацелася-б, каб у такі дзень, як сёння, вы менш старанна асцерагаліся стомленасці.

Яна ганарліва на яго паглядзела і, лічачы ніжэй сваёй годнасці пазіраць на яго, моўчкі адвярнулася.

— Мне шкада, пані, — прадаўжаў містэр Домбі, — што вы не палічылі сваім абавязкам…

Яна зноў паглядзела на яго.

— … Сваім абавязкам, пані, — прадаўжаў містэр Домбі, — удзяліць маім сябрам больш увагі. Сёй-той з тых, кім вам захацелася, місіс Домбі, так яўна пагарджаць сёння, запэўняю вас, робіць вам гонар сваім наведваннем.

— Вам вядома, што мы тут не адны? — адазвалася яна, пільна на яго паглядаючы.

— Не! Каркер! Прашу вас, астаньцеся. Я настайваю, каб вы асталіся! — усклікнуў містэр Домбі, перашкодзіўшы гэтаму джэнтльмену спакойна пайсці. — Як вы ведаеце, пані, містэр Каркер карыстаецца маім давер'ем. Прадмет, аб якім я гавару, вядомы яму не горш, чым мне. Дазвольце давесці да вашага ведама, місіс Домбі, што, на маю думку, гэтыя багатыя ўплывовыя асобы аказваюць гонар мне! — І містэр Домбі выпрастаўся, нібы аддаў ім цяпер найвялікшае ўшанаванне.

— Я ў вас пытаюся, — паўтарыла яна, не спускаючы з яго пагардлівага позірку, — ці вядома вам, што мы тут не адны, сэр?