Старонка:Домбі і сын.pdf/392

Гэта старонка была вычытаная

— Так. Я пайду, капітан, з вашага дазволу, — сказаў Роб.

— Пойдзеце! Куды вы пойдзеце? — запытаўся капітан, пазіраючы на яго ва ўпор цераз верх акуляраў.

— Як! Хіба вы не ведалі, што я збіраюся пайсці ад вас, капітан? — адазваўся Роб з палахлівай усмешкай.

Капітан паклаў газету, зняў акуляры і ўтаропіўся ў дэзертыра.

— Але, капітан, я хачу вас папярэдзіць. Я думаў, што вы ўжо ведаеце аб гэтым, — сказаў Роб, паціраючы рукі і ўстаючы. — Калі-б вы былі так ласкавы, капітан, і хутчэй знайшлі сабе каго-небудзь іншага, гэта мне было-б на руку. Баюся, што да заўтрашняй раніцы вам нікога не ўдасца падшукаць. Як вы думаеце, капітан?

— Дык вы, значыцца, збіраецеся здрадзіць свайму сцягу, прыяцель? — сказаў капітан, які доўга разглядаў яго фізіяномію.

— Ах, капітан, вы вельмі жорстка абыходзіцеся з хлапцом, — усклікнуў мяккасардэчны Роб, на момант адчуўшы і знявагу і абурэнне, — які папярэдзіў вас па ўсіх правілах, а вы на яго паглядаеце хмурна і называеце яго здраднікам! Вы, капітан, ніякага права не маеце лаяць хлапца. Толькі таму, што я слуга, а вы гаспадар вы на мяне паклёпнічаеце! Што я зрабіў дрэннага? Растлумачце мне, капітан, якое я зрабіў злачынства?

Засмучаны Тачыльшчык расплакаўся і пачаў церці вочы абшлагом.

— Паслухайце, капітан! — прадаўжаў зняважаны юнак. — Скажыце, што злачыннае я зрабіў? Што я такое зрабіў? Украў якія-небудзь рэчы? Падпаліў дом? Калі я гэта зрабіў, дык чаму вы мяне не абвінавачваеце і не судзіце за гэта? Але паганіць рэпутацыю хлопчыка, які быў вам добрым слугой, таму, што ён не можа шкодзіць самому сабе дзеля вашай карысці, — вось, якая знявага і якая ўзнагарода за верную службу! Вось чаму хлапцы кожны раз збіваюцца з дарогі і гінуць! Вы мяне здзіўляеце, капітан, здзіўляеце!

Усё гэта Тачыльшчык суправаджаў плаксівым завываннем і асцярожна адступаўся да дзвярэй.

— Так, значыцца, вы знайшлі сабе другі ложак, прыяцель? — сказаў капітан, не спускаючы з яго пільнага позірку.

— Так, капітан, ужо калі гаварыць вашымі славамі, я знайшоў сабе другі ложак! — усклікнуў Роб, прадаўжаючы адступацца. — Лепшы, чым быў у мяне тут. І там мне не патрэбна будзе, каб вы закінулі за мяне слаўцо, капітан, а гэта вялікая ўдача пасля таго, як вы закідалі мяне гразёю, бо я бедны і не магу шкодзіць самому сабе дзеля вашай карысці. Так, я знайшоў сабе другі ложак. І калі-б я не баяўся пакінуць вас без слугі, я мог-бы пайсці хоць цяпер, толькі-б не чуць, як вы мяне лаеце, бо я бедны і не магу зрабіць шкоду самому сабе дзеля вашай карысці. Чаму вы мяне дакараеце за тое, што я бедны і не раблю шкоды сабе дзеля вашай карысці, капітан? Як вы можаце так рабіць, капітан?