Старонка:Домбі і сын.pdf/396

Гэта старонка была вычытаная

Тады капітан зламаў пячаць і выцягнуў дзве складзеныя паперы, на адной з якіх прачытаў подпіс: «Апошняя воля і завяшчанне Саламона Джылса, а на другой: «Пісьмо Нэду Катлю».

Бансбі, скіраваўшы позірк на ўзбярэжжа Грэнландыі, здавалася, падрыхтаваўся выслухаць змест. Таму капітан адкашляўся, каб прачысціць горла, і пачаў чытаць пісьмо ўголас.

«Мой дарагі Нэд Катль. Пакідаючы радзіму, каб накіравацца ў Вест-Індыю…».

Тут капітан спыніўся і зырка паглядзеў на Бансбі, які пільна пазіраў на ўзбярэжжа Грэнландыі.

— «… з дарэмнай надзеяй атрымаць весткі пра майго любага хлопчыка, я ведаў, што калі вы пазнёміцеся з маім намерам, вы або перашкодзіце яму, або захочаце мяне суправаджаць; вось чаму я хаваў яго ў таямніцы. Калі вы прачытаеце гэта пісьмо, Нэд, мяне, напэўна, не будзе жывога. Тады вы, вядома, даруеце старому сябру яго сумасбродства і адчуеце літасць пры думцы аб той трывозе і невядомасці, якія штурхнулі мяне накіравацца ў гэта шалёнае падарожжа. Значыцца, не будзем больш гаварыць пра гэта. Я амаль не спадзяюся, што мой небарака-хлопчык прачытае калі-небудзь гэтыя словы або яшчэ раз парадуе вашы вочы, з'явіўшыся перад вамі з сумленным, адкрытым тварам…» Так, так, ніколі больш, — сказаў капітан Катль у сумным задуменні. — Ніколі! Там будзе ён ляжаць да канца дзён…

Містэр Бансбі, у якога было музычнае вуха, раптам закрычаў «у Біскайскім заліве, о!», а добры капітан, бачачы ў гэтым вартую адплату ў памяць памёршага, быў так расчулен, што з удзячнасцю паціснуў яму руку і павінен быў выцерці слёзы.

Затым, узяўшы зноў пісьмо, ён прадаўжаў чытаць:

— «Але калі-б ён прысутнічаў у той час, калі пакет будзе ўскрыты…» — капітан мімаволі азірнуўся і паківаў галавой, — «або даведаўся аб гэтым пасля…» — капітан зноў паківаў галавой, — «я пасылаю яму сваё благаславенне! Калі прыкладзеная да гэтага пісма папера напісана юрыдычна няправільна, гэта мае мала значэння, бо з зацікаўленых асоб няма нікога, апрача вас і яго, а я проста жадаю аднаго: калі ён жыве, няхай да яго пяройдзе тое нямногае, што можа астацца пасля мяне, а калі справа абернецца інакш (чаго я баюся), няхай гэта пяройдзе да вас, Нэд. Ведаю, што вы выканаеце маё жаданне. Няхай благаславіць вас бог за гэта і за заўсёдную сяброўскую вашу прыхільнасць да Саламона Джылса». Бансбі, — сказаў капітан, заклікаючы да яго ўрачыста, — як вы гэта разумееце? Вось вы сядзіце тут, — чалавек, якому з дзіцячых гадоў праламлялі галаву, і ў кожную расколіну ў чэрапе пранікала да вас новая думка. Як-жа вы гэта разумееце?

— Калі справа ў тым, што ён памёр, — адказваў Бансбі з неўласцівай яму імклівасцю, — ён, на маю думку, больш не вернецца. Калі справа ў тым, што ён жыве, ён, на маю думку, вер-