Старонка:Домбі і сын.pdf/398

Гэта старонка была вычытаная

тым самым бестурботным выглядам, з якім аддаваўся развагам, пасля чаго на фізіяноміі яго адлюстраваліся бязмежны жах і вялікая роспач.

Але як толькі капітан Катль усвядоміў ва ўсёй паўнаце сягнуўшае яго гора, інстынкт самазахавання штурхануў яго рушыць наўцёкі. Мятнуўшыся да маленькіх дзвярэй, якія вялі з гасцінай на крутую лесвічку ў склеп, капітан кінуўся да іх галавой уперад, як чалавек, роўнадушны да сінякоў і ўшыбаў і думаючы толькі аб тым, каб схавацца ў нетрах зямлі. Магчыма, гэта надзвычайная спроба скончылася-б поспехам, калі-б не гарачая прывязанасць гэтых мілых малютак, Джуліяны і Чаулі, якія, учапіўшыся за яго ногі — адна схапіла адну, другая — другую, — з жаласлівымі крыкамі гукалі яго, як свайго сябра. Тым часам місіс Мак-Стынджэр, якая ніколі не бралася за важную справу, не перавярнуўшы папярэдне Александра Мак-Стынджэра так, каб зручней было асыпаць яго жыватворным градам шлепакоў і не пасадзіўшы яго затым на зямлю для прахададжэння ў такім становішчы, у якім яго бачыў чытач першы раз, — місіс Мак-Стынджэр зрабіла гэты ўрачысты абрад, як быццам на гэты раз гэта было афярапрынашэнне фурыям, і, апусціўшы пакутніка на падлогу, накіравалася да капітана з настойлівай рашучасцю, якая пагражала драпінамі ўмяшаўшамуся Бансбі.

— О, капітан Катль, капітан Катль! — сказала місіс Мак-Стынджэр, сурова выставіўшы падбародак і патрасаючы ім, а адначасова і тым, што можна было-б назваць яе кулаком, каб яна не была прадстаўніцай слабага полу. — О, капітан Катль, капітан Катль! Як вы асмельваецеся пазіраць мне ў твар і не памерці ад разрыву сэрца?

Капітан, якога можна было падазраваць ва ўсім, толькі не ў дзёрзкасці, ціха прамармытаў: «Трымайся мацней!»

— О, я была слабай, даверлівай дурніцай, калі прыняла вас у свой прытулак, капітан Катль! — усклікнула місіс Мак-Стынджэр. — Падумаць толькі аб тых добрачыннасцях, якімі я асыпала гэтага чалавека, аб тым, як я вучыла маіх дзяцей любіць і шанаваць яго, нібы бацьку роднага, а на нашай та вуліцы няма ніводнай гаспадыні, ды і ніводнага жыхара, якія-б не ведалі, што я цярпела страты з-за гэтага чалавека і з-за яго п'янства і буянства. І ўсе яны да аднаго крычалі: сорам і ганьба, што ён надакучае працавітай жанчыне, якая працуе з самага рання і да позняй ночы для дабра сваіх дзяцей і трымае сваё беднае жыллё ў такой чыстаце, што чалавек можа абедаць, ды і чай піць, дзе яму захочацца, хоць на падлозе або на лесвіцы, не гледзячы на яго п'янства і буянства; вось якім апякунствам і клопатамі ён быў абкружан!