Старонка:Домбі і сын.pdf/404

Гэта старонка была вычытаная

— Заўтра, — абазвалася яна.

— Цяпер самы зручны момант, пані, — засупярэчыў ён. — Вы заблуджаецеся адносна свайго становішча. Я прывык прызначаць час сам. Мне яго не прызначаюць. Мне здаецца, што вы бадай ці разумееце, місіс Домбі, хто я і што я.

— Мне здаецца, — адказала яна, — я вас вельмі добра разумею.

Пры гэтым яна паглядзела на яго і, злажыўшы на грудзях белыя рукі, якія ззялі золатам і каштоўнымі каменнямі, адвярнулася.

Каб яна была не такой прыгожай і не такой велічнай у сваім халодным спакоі, магчыма, яна не змагла-б унушыць яму думку аб нявыгадзе яго становішча — думку, якая пранікла праз броню ганарлівасці. Але гэта сіла ў яе была, і ён востра яе адчуў. Ён акінуў позіркам пакой; убачыў, што найлепшыя прылады туалета, што служылі для ўпрыгожання яе асобы, і раскошныя ўбранні валяюцца ўсюды і кінуты як папала — не толькі з-за капрызу і бесклапотнасці (ва ўсякім выпадку так здалося яму), але з прычыны ўпартага, высакамернага пагарджання дарагімі рэчамі. І тады ён яшчэ больш ясна зразумеў сваё становішча. Гірлянды кветак, пер'і, каштоўнасці, карункі, шоўк, атлас — куды-б ён ні зірнуў, усюды ён бачыў кінуты з пагардай скарб. Нават брыльянты — падарунак ў часе вяселля — нецярпліва падымаліся і апускаліся на яе грудзях, нібы хацелі разарваць ланцуг, які ахапляў яе шыю, і рассыпацца па падлозе, дзе яна магла-б таптаць іх нагамі.

Раздражнёны і нездаволены самім сабою, ён сеў і, астаючыся па-ранейшаму ў дрэнным настроі, прадаўжаў:

— Місіс Домбі, нам вельмі патрэбна прыйсці да нейкай згоды. Вашы паводзіны, пані, мне не падабаюцца.

Яна зноў кінула на яго позірк і зноў адвярнулася, але, калі-б яна гаварыла на працягу гадзіны, ёй не ўдалося-б выказаць больш.

— Паўтараю, місіс Домбі, вашы паводзіны мне не падабаюцца. Аднойчы я ўжо скарыстаў выпадак і папрасіў, каб вы іх змянілі. Цяпер я гэтага рашуча патрабую.

— Вы выбралі зручны выпадак для першай вашай вымовы, сэр, і вы знайшлі адпаведны тон і адпаведныя словы для другой. Вы патрабуеце! Ад мяне!

— Пані, — сказаў містэр Домбі са зняважліва-ганарыстым выглядам, — я вас зрабіў сваёй жонкай. Вы носіце маё імя. Вы звязаны з маім грамадскім становішчам і маёй рэпутацыяй. Не скажу, што свет, магчыма, схілен лічыць гэты саюз ганаровым для вас, але я скажу, што прывык прад'яўляць патрабаванні да маіх бліжніх і людзей, якія ад мяне залежаць.

— Да якой з гэтых груп вы можаце аднесці мяне? — запыталася яна.