Старонка:Домбі і сын.pdf/418

Гэта старонка была вычытаная

ней, слухае, што гаворыць яму доктар, і здзіўляецца, чаму ён лічыў некалі гэты кабінет свяцілішчам, а самаго доктара з яго акруглымі нагамі, вывернутымі, як у царкоўнага фартэпіяна, чалавекам, які наводзіць пачцівы жах. Фларэнс неўзабаве прыходзіць і развітваецца; містэр Тутс развітваецца, а Дыаген, які ўвесь гэты час бязлітасна дакучаў падслепаватаму маладому чалавеку, кідаецца да дзвярэй і з дзёрзкім вясёлым брэхам ляціць уніз па адхону; тым часам Мілія і другая служанка доктара выглядаюць з акна верхняга паверха, насміхаючыся «з гэтага Тутса» і гаворачы пра міс Домбі. «Ну, дапраўды-ж, хіба яна не падобна да свайго брата, толькі яшчэ прыгажэйшая?»

Містэр Тутс, заўважыўшы слёзы на твары Фларэнс, якая спусцілася ўніз, страшэнна ўстрывожаны і збянтэжаны і спачатку баіцца, ці не дапусціў ён промаху, прапанаваўшы наведаць Блімбераў. Але ён хутка супакойваецца, калі яна сцвярджае, што ёй было надэвычай прыемна зноў тут пабываць, і гаворыць пра гэта вельмі весела, пакуль яны ідуць па беразе. Чутны голасы мора і яе пяшчотны голас, і калі Фларэнс і містэр Тутс набліжаюцца да дома містэра Домбі, і містэр Тутс павінен расстацца з ёй, ён заняволен да такой ступені, што ў яго не астаецца і свабоднай волі. Калі яна на развітанне працягвае яму руку, ён ніяк не можа яе выпусціць.

— Міс Домбі, прашу прабачэння, — меланхалічным шэптам гаворыць містэр Тутс, — але калі-б вы мне дазволілі…

Усмешлівыя і нявінныя вочы Фларэнс прымушаюць яго адразу-ж запнуцца.

— Калі-б вы мне дазволілі… калі-б вы не палічылі гэта за дзёрзкасць, міс Домбі, калі-б я мог… зразумела, без ўсякага заахвочвання, калі-б я мог, ведаеце, спадзявацца, — гаворыць містэр Тутс.

Фларэнс пазірае на яго дапытліва.

— Міс Домбі, — гаворыць містэр Тутс, які адчувае, што цяпер ужо нельга адступаць, — дапраўды-ж, я абажаю вас да такой ступені, што проста не ведаю, што мне з сабою рабіць, Я вельмі няшчасны чалавек. Калі-б мы не стаялі цяпер на рагу пляца, я паў-бы на калені і прасіў-бы вас, без усякага заахвочвання з вашага боку, даць мне толькі надзею, што я магу… магу лічыць магчымым, што вы…

— О, калі ласка, не патрэбна! — крычыць Фларэнс, устрывожаная і ўсхваляваная. — О, прашу вас, не патрэбна, містэр Тутс! Калі ласка, кіньце! Не кажыце больш нічога. Будзьце добрым, зрабіце мне такую ласку, не кажыце!

Містэр Тутс вельмі засаромлены і стаіць з разяўленым ротам.

— Вы былі такім добрым да мяне, — кажа Фларэнс, — я вам так удзячна, у мяне столькі падстаў быць прыхільнай да вас, як да лепшага сябра, і, дапраўды-ж, я да вас так і прыхільна, — тут нявінны твар паварочваецца да яго з самай ласкавай і шчырай