Старонка:Домбі і сын.pdf/427

Гэта старонка была вычытаная

— Калі я так шкадаваў, што прысутнічаў! — сказаў з усмешкай Каркер. — Я ганаруся вашай асаблівай увагай, як і належыць ганарыцца чалавеку ў маім становішчы, хоць я нічым яе не заслужыў. Вы можаце рабіць што хочаце, не ўніжаючы сябе, я-ж, заслужыўшы гонар быць пазнаёмленым з місіс Домбі, перш чым ёй быў дан высокі гонар насіць ваша імя, я, будзьце ўпэўнены, амаль шкадаваў у той вечар, што на маю долю выпала такое шчасце.

Тая акалічнасць, што хтосьці, заслужаны яго міласцей і апякунства, мог пры якіх-бы там ні было акалічнасцях аб гэтым шкадаваць, было незразумела містэру Домбі. Таму ён сказаў з вялікай годнасцю:

— Сапраўды? Але чаму-ж, Каркер?

— Думаю, што місіс Домбі, — адказваў памочнік, якому ён давяраў, — якая ніколі не мела прыхільнасці да мяне, думаю, што місіс Домбі бадай ці даруе за мой нявінны ўдзел у той размове. Ваша нездаволенне — справа сур'ёзная, вы гэта, зразумела, ведаеце. І выклікаць яго ў прысутнасці трэцяй асобы…

— Каркер, — ганарліва сказаў містэр Домбі, — адважуся думаць, што ў першую чаргу належыць лічыцца са мною?

— О! Ці могуць быць якія-небудзь сумненні? — адказаў той з нецярплівасцю, як чалавек, які пацвярджае ўсім вядомы і бясспрэчны факт.

— Думаю, што місіс Домбі займае другое месца, калі справа датычыць нас абодвух, — сказаў містэр Домбі. — Хіба не праўда?

— Ці не праўда? — паўтарыў Каркер. — Хіба вы не ведаеце лепш за ўсіх, што вам няма чаго пытацца?

— У такім выпадку я спадзяюся, Каркер, — сказаў містэр Домбі, — вашы шкадаванні аб нездаволенні місіс Домбі могуць быць амаль уроўнаважаны вашай задаволенасцю пры думцы аб тым, што вы захавалі маё давер'е і добрую пра вас думку.

— Бачу, што я меў няшчасце, — адказаў Каркер, — выклікаць яе нездаволенне. Місіс Домбі гаварыла вам аб гэтым?

— Місіс Домбі выказвала розныя погляды, — сказаў містэр Домбі з ганарыстай халоднасцю і абыякавасцю, — якіх я не падзяляю і якія не маю намеру абмяркоўваць або ўспамінаць. Як я ўжо казаў вам, не так даўно я прад'явіў місіс Домбі вядомыя патрабаванні адносна пачцівасці і пакорлівасці ў сямейным жыцці, якіх я лічыў патрэбным дамагацца. Мне не ўдалося пераканаць місіс Домбі ў неабходнасці зараз-жа змяніць яе паводзіны, дзеля яе ўласнага спакою і шчасця, а таксама маёй годнасці. І я сказаў місіс Домбі, што, калі мне патрэбна будзе зноў выказаць пратэст, я перадам ёй сваю думку праз вас, маю давераную асобу. А цяпер, Каркер, — прадаўжаў містэр Домбі, — я, ніколькі не вагаючыся, кажу вам, што даб'юся свайго. Са мною жартаваць нельга. Місіс Домбі павінна зразумець, што мая воля — закон і што я не маю намеру рабіць выключэнні з сваіх жыццёвых правіл. Будзьце ласкавы ўзяць на сябе гэта даручэнне, якое,